У ЕЗ вызначаць лёс купюры € 500, якую любяць бандыты і тэрарысты


Міністры фінансаў краінаў Еўразвязу заклікалі ацаніць рызыку, звязаную з купюрай вялікага наміналу.

Міністры фінансаў краінаў Еўразвязу заклікалі Еўракамісію прааналізаваць магчымасць абмежавання наяўнага разліку вышэй пэўнага ліміту. Такім чынам хочуць змагацца з фінансаваннем тэрарыстычных групаў. Таксама прапануюць прааналізаваць рызыку, звязаную з купюрай у 500 еўраў.

Пра гэта гаварылі на пятнічным спатканні ў Бруселі міністры фінансаў, якія абмяркоўвалі прадстаўлены ў пачатку лютага план Еўракамісіі. План мае на мэце адрэзаць тэрарыстычныя групоўкі ад фінансавання. Гэта чарговая ініцыятыва, якая абмяркоўваецца пасля леташніх тэрактаў у Парыжы.

Па выніках паседжання міністры заклікалі Еўрапейскі цэнтральны банк (ЕБЦ) прадставіць адпаведныя прапановы ў гэтай справе да 1 траўня. Паводле ЕБЦ, на які спасылаецца Reuters, амаль адна траціна наяўнага абароту ў еўра была рэалізаваная пры дапамозе купюраў 500 еўраў.

«Пяцісотка» рэдка прымаецца ў кіёсках ці на запраўках, стварае нязручнасці як уладальнікам, так і прадаўцам. Увесці купюру пажадала Нямеччына, каб замяніць уласную купюру 1 тыс. марак і задаволіць чаканні сваіх грамадзянаў наконт карыстання наяўнымі грашыма замест безнаяўных.

500 еўраў з’яўляецца адной з самых высокіх у свеце банкнотаў. Яна, напрыклад, мае амаль у пяць разоў большую вартасць, чым самая вялікая купюра ў ЗША (100 долараў).

Аргументы за адмову ад паўтысячнай купюру гучалі і раней, таму што яна часта «свяцілася» у крымінальных і карупцыйных справах, а таксама ў «шэрым» бізнесе.

НМ, belsat.eu, паводле Pap.pl

Стужка навінаў