У Эстоніі забаранілі выступ ансамблю Расейскай арміі імя Аляксандрава


Улады Эстоніі забаранілі прыезд у краіну акадэмічнага ансамблю песні і танца Расейскай арміі імя Аляксандрава. Канцэрт павінен быў адбыцца ў Таліне 10 снежня.

Прычынай забароны эстонскіх уладаў на правядзенне канцэрту сталі «меркаванні бяспекі» і «магчымыя правакацыі ў дачыненні да ўдзельнікаў ансамбля», адзначыла прэс-служба пасольства Расеі ў Эстоніі ды выказала шкадаванне з нагоды такога рашэння.

Арганізатары канцэрту ў Эстоніі заявілі, што ў максімальнай ступені ўлічылі пажаданні эстонскага боку – у складзе калектыву (30 чалавек), які рыхтаваўся да паездкі ў Талін, не было ніводнага расейскага вайскоўца, падае delfi.lv.

Раней з просьбай да міністра ўнутраных спраў Эстоніі Хано Пеўкуру звярнуўся чалец Свабоднай партыі Сяргей Метлеў.

На ягоную думку, «працяты савецкім духам выступ ансамбля ў сталіцы зневажальны як для краіны, так і для яе народа, асабліва калі ўлічыць агрэсію ва Украіне з боку пуцінскай Расеі».

«МУС павінна ўвесці забарону на ўезд у краіну спевакам Чырвонай Арміі, каб паказаць чырвонае святло для ідэалогіі вайны. Хаваючыся за маскай высакароднага мастацтва, у людзях спрабуюць выклікаць настальгію па савецкіх часах і расейскі шавінізм, які прынёс мноства пакут як самому расейскаму народу, так і суседнім народам», – напісаў Метлеў у лісце Пеўкуру.

У адказ прэс-сакратар МУС Эстоніі Тоомас Вікс дапусціў правядзенне канцэрту ў Таліне, адзначыўшы, што «Эстонія дастаткова моцная, каб не змагацца з песнямі. Гэта – частка свабоды слова».

Супраць выступу ансамблю Аляксандрава выступілі таксама ў Латвіі, дзе канцэрт меў адбыцца 8 снежня.

На думку кіраўніка Міністэрства замежных спраў Эдгара Рынкевіча, у бягучай палітычнай сітуацыі канцэрт ансамблю Аляксандрава ў Латвіі выглядае непажаданым. «Гэта будзе ацэньвацца як прыбыццё падраздзялення ўзброеных сіл Расеі, і павінна атрымаць адпаведны дазвол», – растлумачыў ён.

Латвійскі бок праінфармаваў амбасаду РФ, што прыезд удзельнікаў ансамблю можа адбывацца ў адпаведнасці з латвійскім заканадаўствам: ад расейскага боку чакаецца афіцыйны запыт на прыезд гэтага армейскага падраздзялення.

У сваю чаргу латвійскі Мінкульт заклікае арганізатараў канцэрту ў Рызе прааналізаваць яго праграму.

У пасольстве Расеі здзіўленыя нездаровым ажыятажам, які ўзняты вакол планаванага ў Рызе канцэрту ансамблю Аляксандрава. Канцэрт праводзіцца ў рамках міжнароднага турнэ калектыву ў гонар 70-годдзя Перамогі над нацызмам. Ён запланаваны ў снежні ў рыжскім Доме Масквы і прадугледжаны для ветэранаў Другой сусветнай вайны, тлумачаць у пасольстве.

Вядома, што ансамбль імя Аляксандрава выступаў пад выявай Сталіна на з’ездзе расейскіх камуністаў. Адпаведнае фота можна знайсці на старонцы расейскага агенцтва «РИА Новости».

[/vc_column_text][vc_column_text]МЯ, паводле delfi.lv

Стужка навінаў