У Ерэване вызвалілі двух закладнікаў з захопленага будынку паліцыі


Узброеная групоўка, якая захапіла аддзяленне паліцыі ў Ерэване, вызваліла ў суботу двух закладнікаў-паліцыянтаў.

«У выніку працяглых перамоваў два чалавекі вызваленыя», – паведаміла «Інтэрфаксу» крыніца ў праваахоўных органах.

Тым часам адзін з чальцоў узброенай групоўкі Варужан Авецісян заявіў мясцовым медыям, што падчас сустрэчы з дырэктарам Службы нацыянальнай бяспекі Георгіем Кутаянам і дэпутатам парламенту Карабаху Віталіем Баласанянам, які ў апошнія дні выступаў у якасці перагаворшчыка, дасягнутая дамоўленасць пра стварэнне ў захопленым будынку прэс-цэнтра.

«Пасля гэтага мы адпускаем генерала і палкоўніка (намесніка кіраўніка паліцыі Арменіі генерал-маёра Вардана Егіазарана і намесніка начальніка паліцыі Ерэвану палкоўніка Валерыя Асіпянарэд.), а ўлады забяспечваюць свабодны доступ медыяў», – сказаў Авецісян.

Ці засталіся ў будынку яшчэ закладнікі – высвятляецца.

Раніцай 17 ліпеня група ўзброеных асобаў захапіла будынак паліцыі. Пры гэтым яны забілі паліцыянта, раненні атрымалі чатыры чалавекі. Радыкалы запатрабавалі вызвалення каардынатара армянскай апазіцыйнай грамадзянскай ініцыятывы «Устаноўчы парламент» Жырайра Сефіляна, які знаходзіцца пад арыштам па абвінавачванні ў незаконным набыцці і захоўванні зброі.

Чальцы ўзброенай групы таксама патрабуюць адстаўкі ўладаў і фармаванне ўраду народнага даверу.

З 18 ліпеня ў раёне тэрыторыі захопленага будынку паліцыі праходзяць акцыі пратэсту ў падтрыманне чальцоў узброенай групы.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў