Ерэван паралізаваны. Пратэстоўцы рыхтуюцца блакаваць парламент


Дэманстранты, якія высутпаюць супраць вылучэння экс-прэзідэнта Арменіі Сэржа Саргсяна на пасаду прэм’ер-міністра, заблакавалі шэраг аўтадарог, якія злучаюць спальныя раёны гораду з цэнтрам. Кіроўцы з уключанымі аварыйнымі сігналамі пакінулі свае аўты. Людзі кладуцца на асфальт, не прапускаючы ў тым ліку грамадскага транспарту.

UPD. Паліцыя Арменіі заявіла пра гатовасць прымяніць сілу і спецыяльныя сродкі для разгону мітынгоўцаў. На дадзены момант паліцыянты адступілі на некалькі метраў за калючы дрот і чакаюць распараджэння кіраўніцтва.

Лідар пратэстаў, кіраўнік апазіцыйнай фракцыі «Ельк» Нікол Пашыньян падчас сутычкі з паліцыяй, упаў на калючы дрот і атрымаў ірваныя раны. Яго забралі ў шпіталь. Сярод параненых ёсць іншыя ўдзельнікі акцыі і праваахоўнікі.

Людзі накіроўваюцца ў бок будынку парламента Арменіі на праспекце Баграм’яна. Паліцыя заблакавала подступы да яго і пачала зачыстку праезнай часткі цэнтральных аўтадарог.

Дырэктар Інстытуту Каўказу Аляксандр Іскандар’ян у каментары belsat.eu распавёў пра цяперашнюю сітуацыю ў сталіцы Арменіі.

«Ну вуліцах у асноўным моладзь і студэнты. Перакрытыя некалькі вузлавых вуліцаў. Агулам моцна паралізаваны горад. Думаю, гэта пратрывае ўвесь дзень і да заўтрашняй раніцы, калі будзе пасяджэнне парламенту. Гэта спроба набраць дастатковую колькасць людзей, каб заўтра атачыць будынак парламенту. Мне не падаецца, што людзей вельмі шмат, але каб перакрыць дзверы ў парламент, будзе дастаткова».

Суразмоўца адзначае, што паліцыя не чапае дэманстрантаў.

«Аднак заўтра, магчыма, прыйдзецца іх адцягваць, калі яны будуць блакаваць уваход у парламент».

У мінулую нядзелю дэпутат парламента Арменіі, кіраўнік апазіцыйнай фракцыі «Ельк» Нікол Пашыньян, які ўзначальвае дэманстрантаў, заклікаў жыхароў Ерэвана арганізаваць «масавыя акцыі грамадзянскага непадпарадкавання».

У Арменіі праведзена канстытуцыйная рэформа, у выніку якой рэспубліка перайшла ад прэзідэнцкай да парламенцкай формы кіравання. Першыя пасля рэформы выбары прэм’ера-міністра, які атрымлівае шырокія паўнамоцтвы, прызначаныя ў парламенце на 17 красавіка.

Кіроўная Рэспубліканская партыя Арменіі 14 красавіка вылучыла на пасаду прэмʼер-міністра Сэржа Саргсьяна, які з 2008 да 2018 года займаў пасаду прэзідэнта.

Рэпартаж «Белсату» (аўтар Сяргей Пеляса) пра пратэсты ў Арменіі ў 2015 годзе. Што значыць «паставіць пытанне рубам» у Ерэване? Адкуль у армянаў узялася адвага? Хто каго ў Арменіі спрабуе абдурыць? Ці можна дамагчыся пераменаў без кардынальнай змены ўлады? Чым адрозніваецца армянскі і беларускі рэжымы? Пры чым тут Расея, ЕўрАзЭС і Нагорны Карабах?

ДР belsat.eu

Стужка навінаў