У Ерэване пратэстовец падпаліў сябе (ФОТА)


Fire

Пратэстовец, які падпаліў сябе

Удзельнік дэманстрацыі ў падтрымку групоўкі «Сасна црер» на праспекце Баграмяна абліў сябе бензінам і падпаліў.

Гэта адбылося ўвечары 30 ліпеня.

Агонь удалося пагасіць. Нягледзячы на атрыманыя апёкі, пратэстовец адмовіўся сядаць у паліцэйскае аўта, якое прыбыла на месца здарэння для аказання дапамогі. Мужчына змог самастойна падняцца на ногі і пакінуць тую частку праспекта Баграмяна, у якой сабраліся мітынгоўцы.

Машына «хуткай дапамогі» так і не падʼехала. Актывісты пасадзілі пацярпелага ў таксоўку і адвезлі ў шпіталь.

Увечары 30 ліпеня пачаўся чарговы мітынг прыхільнікаў узброенай групоўкі «Сасна црер», якая захапіла аддзел паліцыі ў Ерэване. Дэманстранты прайшлі шэсцем па цэнтральных вуліцах гораду.

Прадстаўнікі «Сасна црер» захапілі аддзел паліцыі яшчэ 17 ліпеня і ўтрымлівалі там закладнікаў. Паміж пратэстоўцамі і паліцыяй, якая ачапіла захопленую тэрыторыю, рэгулярна адбываюцца сутыкненні з ужываннем агнястрэльнай зброі.

30 ліпеня Служба нацыянальнай паліцыі Арменіі абвесціла захопнікам ультыматум, патрабуючы да 17-й гадзіны паводле мясцовага часу скласці зброю, аднак гэтага не адбылося. Увечары побач з захопленым будынкам снайперскім стрэлам быў забіты паліцыянт.

НМ, belsat.eu, паводле panarmenian.net, фотаздымак panarmenian.net

Стужка навінаў