Лідар пратэстаў у Ерэване абвесціў аксамітную рэвалюцыю. АДНАЎЛЯЕЦЦА

Аднаўляецца

Фота Photolure

Пратэсты ў Ерэване працягваюцца. Паліцыя спрабуе разблакаваць цэнтральны праспект, які перакрылі ўдзельнікі масавага пратэсту.

19.05. На Плошчы Рэспублікі ў Ерэване распачаўся мітынг пратэсту. Раней лідар апазіцыі Нікол Пашыньян праанансаваў сённяшнюю акцыю як «вырашальную».

Сёння на спецыяльным пасяджэнні Нацыянальнага сходу Арменіі 77 галасамі «за», 17 – «супраць» экс-прэзідэнт Серж Саргсян абраны прэм’ер-міністрам Арменіі. Па новай Канстытуцыі Арменіі прэмʼер-міністр зʼяўляецца фактычным кіраўніком выканаўчай улады.

UPD! Пратэстоўцы заблакавалі ўваходы ў будынкі Цэнтральнага банку, Міністэрства юстыцыі, Камітэту па дзяржаўных даходах і шэрагу іншых дзяржаўных ведамстваў.

Фота Photolure

«У Гюмры на вуліцы выйшлі тысячы людзей. У Іджэване масавы страйк навучэнцаў, зачыненая траса Ванадзор-Ерэван, масавыя забастоўкі праводзяцца і ў Ванадзоры, Капане, Мецаморы, Ерэване, перакрытыя вуліцы. У Арменіі ўсталявалася рэвалюцыйная сітуацыя, і цяпер тут я заяўляю пра старт дэмакратычнай, негвалтоўнай, аксамітнай рэвалюцыі», – сказаў лідар пратэстаў Нікол Пашыньян.

У Ерэване пачынаюць размяшчаць бронетэхніку.

vesti.az
vesti.az

Нікол Пашынян паведаміў, што паліцыя затрымала каля 30 пратэстоўцаў. Гэта пацвердзіла і паліцыя.

«Папярэджваем арганізатараў мітынгу не працягваць незаконны сход, каб паліцыя змагла пазбегнуць выканання свайго абавязку па ўжыванні спецыяльных мер для разгону сходу», – напісана ў заяве паліцыі Арменіі.

Таксама ў паліцыі паведамляюць, што ў сутычках пацярпелі людзі.

Раней лідар пратэстаў, кіраўнік апазіцыйнай фракцыі «Ельк» Нікол Пашыньян заявіў, што пратэстоўцы паспрабуюць заблакаваць усе подступы да парламента, дзе сёння плануецца абмеркаванне і галасаванне па кандыдатуры прэм’ер-міністра. Ён прапанаваў перакрываць цэнтральныя вуліцы ўжо ноччу, а таксама прыступіць да блакавання вуліц і дарог у іншых вобласцях краіны.

У ноч з панядзелка на аўторак пратэстоўцы пачалі перакрываць цэнтральныя вуліцы сталіцы. Іх адціснула паліцыя, некаторых затрымалі і вывезлі ў аўтазаках.

Нагадаем, што сёння ў Арменіі мусяць адбыцца выбары прэмʼер-міністра. 9 красавіка новаабраны прэзідэнт Арменіі Армэн Саркісян распусціў урад. Пасля завяршэння прэзідэнцкага тэрміну былога кіраўніка краіны, уступіў у сілу новы тэкст канстытуцыі Арменіі, згодна з якім рэспубліка становіцца парламенцкай і ўлада будзе засяроджаная ў руках урада, а не прэзідэнта. Кіроўная кааліцыя высунула на пост прэмʼер-міністра Сержа Саргсьяна, які з 2008 да 2018 года займаў пасаду прэзідэнта. Гэтае рашэнне сталася прычынай пратэстаў.

Чытайце таксама:

Ерэван паралізаваны. Пратэстоўцы рыхтуюцца блакаваць парламент

Глядзі таксама
Каментары