У Дзярждуме заклікаюць Беларусь байкатаваць Алімпіяду


Дэпутат Дзярждумы РФ Віталь Мілонаў звярнуўся да кіраўніцтва Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў краінаў БРІКС, Беларусі, Казахстана і Кіргізіі з прапановай устрымацца ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях у 2018 годзе ў знак салідарнасці з Расеяй.

«Прапаную вам прадэманстраваць салідарнасць з нашай краінай і ўстрымацца ад удзелу ў Гульнях у знак салідарнасці, калі ўдзел расейскай зборнай будзе немагчымым», – заявіў дэпутат.

Па словах Мілонава, «у цяперашні час усе мы з’яўляемся сведкамі ганення Расейскай Федэрацыі ў Міжнародным алімпійскім камітэце», прычыны якога носяць «палітычны характар».

«Нашы краіны, так ці інакш, кожная па-свойму сутыкаліся з праявай паўночнаатлантычнага імперыялізму. ЗША і яе сатэліты ў розны час аказвалі на нашы краіны палітычны ціск і эканамічны шантаж. Сёння пад прыцэлам Дзядзькі Сэма апынулася Расея. Але хто дасць гарантыю, што, напрыклад, заўтра, пад молат эканамічных апетытаў Захаду не трапіць ваша Радзіма і ваша нацыянальны гонар?» – цытуе дэпутата РИА Новости.

Нагадаем, Міжнародны алімпійскі камітэт вырашыў не дапускаць зборную Расеі да ўдзелу ў Зімовай Алімпіядзе, якая пройдзе ў Паўднёвай Карэі.

На карэйскую Алімпіяду не акрэдытуюць ніводнага спартовага чыноўніка. На ёй не будзе гучаць гімн. У Гульнях могуць узяць удзел «чыстыя» спартоўцы, але пад нейтральным алімпійскім сцягам. Такіх атлетаў будуць афіцыйна называць «алімпійскімі спартоўцамі з Расеі».

Рашэнне МАК звязанае з антыдопінгавым следствам, якое цягнулася апошнія паўтара года. Паводле ягоных вынікаў, Расея страціла 11 медалёў з Алімпіяды ў Сочы і апусцілася на трэцяе месца ў агульным заліку.

У ліпені 2016 года Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) выпусціла першую частку дакладу спецыяльнай камісіі пад кіраўніцтвам Рычарда Макларена, дзе сцвярджалася, што ў Расеі з 2011 па 2015 гады была створана цэлая сістэма па ўтойвання станоўчых допінг-проб спартсменаў. У дакуменце наўпрост сцвярджаецца, што гэтай сістэмай кіравалі дзяржаўныя ведамства.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў