У дзень народзінаў пайшоў на футбол, а трапіў у аўтазак за тышортку з Пагоняю


Падчас матчу плэй-оф кваліфікацыі Лігі Чэмпіёнаў «БАТЭ» – «Партызан» міліцыя затрымала хлопца ў тышортцы з гербам Пагоня, які першы раз у жыцці пайшоў на футбол. Belsat.eu паразмаўляў з маладзёнам з Барысава, які вырашыў падтрымаць родную каманду, але патрапіў у аўтазак на паў гадзіны.

«На Дзень народзінаў сябра запрасіў мяне на футбол, раней матчы «БАТЭ» я не наведваў. Перад гульнёй я атрымаў падарунак, саколку з гербам Пагоня і надпісам BELARUS, якую вырашыў апрануць толькі на трыбуне. Але як мне пазней паведамілі сілавікі, гэтая сімволіка забароненая і правялі ў аўтазак. Перапісалі мае пашпартныя дадзеныя, распавялі, што гэта герб неіснуючай краіны, назвалі мяне апазыцыянерам, але я ніколі не належыў да палітычных структураў», – распавядае барысавец.

Ці вы ведалі, што герб Пагоня знаходзіццца ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў і знаходзіцца пад аховай Рэспублікі Беларусь?

«Пра Пагоню я чуў толькі ў агульных рысах, але на «Вікіпедыі» прачытаў, што яна знаходзіцца пад негалоснай забаронай і не падабаецца сілавікам, таму перад уваходам на стадыён я вырашыў зняць саколку, а на трыбуне зноў апрануць».

Што адбывалася ў аўтазаку?

«Мяне пратрымалі там каля 30 хвілінаў, амаль увесь другі тайм. Забралі саколку, распавялі пра тое, што могуць затрымаць мяне на 15 содняў за гэты герб, я асабліва не пярэчыў, таму ўсё скончылася толькі размовай, а дзякуючы знаёмствам у сілавых структурах атрымалася вярнуць майку назад. То бок, мне вельмі пашанцавала, што я не патрапіў на содні і саколка зноў у мяне. Шкада, што наш герб Пагоня знаходзіцца пад негалоснай забаронай, гэта цудоўны сімвал Беларусі».

Чытайце таксама: Заўзятары байкатуюць футбольныя матчы – пратэстуюць супраць самаволі міліцыянтаў

Мікіта Семяненка для belsat.eu

Стужка навінаў