«Нас ніхто не павінен папракнуць». У Дзень Канстытуцыі Лукашэнка зноў кажа пра змену Канстытуцыі


Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз заявіў пра тое, што Канстытуцыя Беларусі можа быць змененая, аднак зноў не ўдакладніў, якія менавіта змены могуць быць унесены ў галоўны закон краіны. Нагадаем, сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень Канстытуцыі.

«Я ўжо казаў на сустрэчах з парламентарыямі і судзейскім корпусам, што з цягам часу мы прыйдзем да абмеркавання пытання аб унясенні змяненняў у Асноўны закон краіны», – сказаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага суда, якая адбываецца ў дадзены момант.

Паводле Лукашэнкі, трэба разумець, што законатворчасць – гэта жывы арганізм, «які павінен удасканальвацца, каб не адстаць ад жыцця».

Ёе нагадаў, што ў апошнія гады прыняты шэраг законаў па развіцці высокіх тэхналогіяў, удасканаленні эканамічных адносінаў, аптымізацыі сістэмы дзяржаўнага апарату, надзяленню шырокімі паўнамоцтвамі мясцовых органаў улады. «Таму ў гэтым напрамку трэба паглядзець на Канстытуцыю», – лічыць кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, суддзі Канстытуцыйнага суда павінны аб’ектыўна і комплексна прааналізаваць нормы Асноўнага закона.

«Неабходна ацаніць іх актуальнасць, адпаведнасць сучаснаму развіццю грамадства і міжнародным падыходам. Калі ўжо мы і пойдзем на змену Канстытуцыі, то нас ніхто не павінен папракнуць. А для гэтага трэба вывучыць сусветны досвед. У прынцыпе, вы яго ведаеце. Вы ведаеце самыя перадавыя краіны і іх канстытуцыі. Таму трэба ўзяць лепшае з сусветнага досведу, але ні ў якім разе, як гэта было на світанку нашай незалежнасці, не бегчы ўслед за нейкімі нормамі нейкай канстытуцыі, каб камусьці дагадзіць. Мы павінны ствараць свае законы і перш за ўсё Асноўны закон для нашай краіны і народа», – заявіў Лукашэнка.

Упершыню аб тым, што трэба падумаць аб змене Канстытуцыі Лукашэнка заявіў восенню 2016 года. Сёлета ў студзені намер кіраўніка дзяржавы змяніць Канстытуцыю пацвердзіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына: «Прэзідэнт у размове са мной і іншымі выказваўся, што трэба думаць пра тое, што нам трэба нейкім чынам мадэрнізаваць нашу Канстытуцыю».

Будзе абнаўляцца

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў