«У дзень, калі пачалі страляць, кожны чалавек стаўся барыкадаю»


Два гады таму, 20 лютага, на Майдане зʼявіліся снайперы і аўтаматчыкі. Лік ахвяраў пайшоў на дзясяткі – кожны дзень. Аператар і тэлежурналіст «Белсату» Аляксандр Баразенка распавядае пра самыя крывавыя дні на Майдане.

– Падзеі двухгадовай даўніны на Майдане – як ты іх успрымаеш, ці гэта было даўно, ці – як учора?

– Некаторыя дэталі і сёння ўспрымаюцца так, быццам гэта вось толькі ўчора з табою адбылося. Але пры гэтым ёсць адчуванне агульнай даўніны – праз тое, што адбываецца далей ва Украіне, маёй працы, у тым ліку на Крыме і Данбасе.

Дэталі – самыя жудасныя. Забітыя людзі, з дзіркамі ў галаве і ў целе. Памятаеш, у фільме «Брат-2» Даніла Бадроў узяў чужы мабільнік і адказвае на званок словамі «ён памёр». У мяне перад вачыма такая ж сцэна на Майдане. Каля 15 целаў забітых склалі побач, каб сябры маглі развітацца і адзін з пабрацімаў адказвае на званок на мабільны свайго забітага сябра: ён памёр.

У першы час не было аніякага страху. Калі ты бачыш людзей, у якіх страляюць, бачыш забітых, а я такое бачыў упершыню ў жыцці – няма ніякіх эмоцый. Ты здымаеш, робіш сваю працу. Але потым гэта ўсё разам накатвае. Памятаю, як на такіх здымках я скончыў запіс, націснуў гузік на камеры і тут адчуў, што мне бракуе кіслароду, што слёзы душаць. Калі пераглядаў свае старыя відэа з Майдану, то нібы вяртаўся ў той час і перажываў тое самае наноў.

– Я быў на Майдане, калі было адносна спакойна, прынамсі, у людзей не стралялі. Памятаю, як людзі, што стаялі на марозе на барыкадах ля Адміністрацыі прэзідэнта, казалі ў бок тых, што былі на самім Майдане і ля сцэны: гэта карнавал, а не барацьба. Тым часам на свой адрас чулі – «радыкалы», «правакатары». У які момант адбылася гэтая перамена, калі «карнавал» стаўся пабоішчам?

– Калі зʼявіліся першыя паведамленні пра страляніну, я адразу пабег на Майдан і ўрэзалася ў памяць карцінка – барыкадаў ужо амаль не засталося. Людзі хаваліся ад куляў, дзе маглі. І сцэна, і намёты, уся тэрыторыя Майдану – усё гэта сталася адною суцэльнаю барыкадаю. Гэта і быў той пераломны момант.

Барацьба ішла на кожным «пятачку», за кожнага чалавека. У той дзень кожны чалавек стаўся барыкадаю. Вось тут праходзіла мяжа паміж рэвалюцыяй і мірным пратэстам, які тады ўжо фактычна скончыўся.

– У тыя дні, калі зʼвяіліся снайперы, з белсатаўцаў ты быў адзіны на Майдане і табе давялося не толькі здымаць, але і ўзяць мікрафон у руку. На тваіх стэндапах я бачыў, што ў цябе няма бронекамізэлькі, каска таксама – не ўпэўнены, што такая ад чагосьці можа абараніць…

– Каска, лічы, сувенірная, яна была хутчэй патрэбная для ўласнага спакою ды для бацькоў – «мама, я ў касцы». Так сталася, што ў той час не было магчымасці атрымаць бронекамізэлькі – потым ужо мы гэтае пытанне вырашылі. Ну і сапраўды, так выйшла, што давялося застацца аднаму: калегі скончылі працу на Майдане і вярнуліся дамоў, іншая брыгада яшчэ не заступіла на працу і я быў там адзін. Але ў такія моманты думаеш пра тое, каб данесці да гледача інфармацыю аб тым, што адбываецца, што ты бачыш на ўласныя вочы. Трэба думаць пра кадр, трэба думаць пра тэкст, а не пра тое, ці ёсць бронекамізэлька. Вядома, я не кідаўся пад кулі і стараўся здымаць з максімальна бяспечных кропкаў.

– Але гранаты пад нагамі рваліся.

– Рваліся, але гэта былі светлашумавыя. Адна пашкодзіла толькі вопратку, ну і атрымаў хімічны апёк. Я праз сваю недасведчанасць адразу памыў твар вадою і праз хімічную рэакцыю было яшчэ цяжка з два дні.



– Падчас Майдану мы разам з табой трапілі ў будынак Кіеўскай Рады ў якім майданаўцы рыхтаваліся адбіваць штурм. «Беркутаўцы» ўжо пачалі канцэнтравацца ў ваколіцах і быў пэўны момант, калі стала ясна: гэта апошні шанец выйсці да штурму, потым такой магчымасці не будзе. Ты сказаў, што застаешся. Чаму?

– У той момант было адчуванне, што гэта лёсавырашальная падзея ў гэтым супрацьстаянні. Там мог вырашыцца лёс Майдану і не застацца там, калі ўжо ўдалося туды трапіць (а мы з табой патрапілі туды з праблемамі), то сыходзіць было няправільна.

– Тое ж самае адчуванне ў цябе было, калі ў ваколіцах Майдану зʼявіліся снайперы і аўтаматчыкі?

– У прынцыпе, так. Вядома, што ты не выключаеш свой мозг, што клапоцішся пра здароўе і бяспеку, але пры гэтым я ведаю, якія акалічнасці бываюць у маёй прафесіі. Ведаю, што шмат з калегаў пацярпелі ў падобных сітуацыях, але яны выконвалі свой абавязак. Ты свядома робіш свой выбар.

– Пасля тых крывавых дзён была, як падавалася, «класічная карцінка»: дыктатар уцякае, пратэстоўцы захопліваюць ягоную шыкоўную рэзідэнцыю з залатымі батонамі і шубамі. Усе, хто спачуваў Майдану, выдыхнулі з палёгкаю – крыві больш не будзе. А потым – Крым, Данбас. Ці ты ўсе гэтыя падзеі лічыш элементамі аднаго ланцуга?

– Ёсць шмат тэорый. Маўляў, той жа медаль «За вяртанне Крыму», зробленая ў Расеі, была адчаканеная ў дзень, калі на Майдане пачалі расстрэльваць людзей. Ёсць розныя канспіралагічныя тэорыі. Я ўпэўнены, што сённяшнія падзеі – працяг барацьбы, на шлях якой стала Украіна. Калі б не дзеянні Расеі, захопу Крыму і вайны на Данбасе не было б. Але барацьба за адстойванне свайго выбару была б усё роўна.

Уцёк Януковіч, але засталіся людзі, якія за ім стаялі і тыя, хто яго падтрымліваў. За ім стаяла даволі вялікая частка насельніцтва. Майдан змагаўся з гэтаю сістэмаю жыцця, з «саўком» у галовах прыхільнікаў Януковіча.

– Словазлучэнні «еўрапейскі выбар», «шлях у Еўропу» ужо настолькі часта паўтараліся, што, падаецца, сталіся штампам і згубілі свой сэнс. Але калі вярнуцца ў падзеі двухгадовай даўніны – людзі за гэта гатовыя былі аддаць і аддавалі сваё жыццё. Што ты бачыў і іхных вачах на Майдане?

– Гэта было нешта неверагоднае для мяне, як для беларуса, які бачыць свой народ, што не можа падняцца з канапы дзеля ідэалаў, дэмакратычных свабодаў. Я бачыў людзей, што прыходзілі семʼямі ў некалькі пакаленняў. Як бабуля і дзядуля складалі камяні, якія разбіваў іхны ўнук ці сын. Я не ведаю, што было матывацыяй для кожнага з іх. «Еўрапейскі выбар», «свабода, роўнасць і братэрства» – гэта ўсё прыгожа гучыць. Але калі бачыш пад сотню забітых, ты ўжо па-сапраўднаму пачынаеш пытацца ў самога сябе – наколькі для гэтых людзей была важная свабода.

Я не ведаю, ці змог бы я паводзіць сябе так сама на іх месцы на ўмоўным беларускім Майдане. Ці не схаваўся б я пасля першых стрэлаў. Ці пайшоў бы я з драўляным шчытом супраць снайпераў, ведаючы, што кожны пяты, хто ідзе побач, ужо не вернецца. Я не магу адказаць сам сабе на гэтае пытанне. Але я бачыў тых людзей, якія гэта здолелі зрабіць.

Гутарыў Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў