У Дудутках на Масленіцу зладзілі гульню накшталт «Манаполіі»


Каб праводзіць зіму, у музейным комплексе Дудуткі правялі гаспадарчую гульню, а на хутары Арлоўшчына пазмагаліся, хто далей кіне валёнак.

Паводле традыцыі, на працягу Сырнага тыдня мужык павінен завітаць да цёшчы на бліны. А аўтару Belsat.eu праз адсутнасць цёшчы давялося ехаць на бліны ў Дудуткі.

Нядаўна музейнаму комплексу старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій споўнілася дваццаць гадоў. Паводле словаў адміністратара Дудутак Настассі Паклонскай, Масленіцу тут святкавалі ад моманту паўстання месца. Адпаведна, сёлетнія праводзіны зімы – юбілейныя.

Паводле сцэнару дудуткаўскай Масленіцы, Зіма бярэ Вясну ў палон, і абяцае яе выпусціць пад выкуп, які маюць прынесці ёй наведнікі музею. Валютай, што замяняе рублі, становяцца драўляные манеты з выявай сонца альбо млына. Гэтыя «грошыкі» можна было зарабіць толькі праз удзел у конкурсах. Унутры музею дзейнічаў такі курс: 5 манет мяняліся на кілішак фірмовага дудуткаўскага самагону, 7 – на падарунак ад каваля, 10 – на катанне на кані. Я не ўцяміў, чаму самая прыемная рэч каштавала найменей, але факту ўсцешыўся, і пайшоў зарабляць.

Забава для некалькіх тысячаў гасцей Дудутак пераўтварылася ў гаспадарчую гульню кшталту «Манаполіі». Каб набыць жаданы Shell (кілішак) альбо Lancome (падкова ад каваля), трэба было быць не толькі моцным (у перацягванні каната) і дакладным (у стральбе з лука), але і цярплівым (каб выстаяць у чарзе на кожнае выпрабаванне). Праверыўшы свае здольнасці ў розных відах масленічных спаборніцтваў, я зразумеў, што трэба абіраць сваю нішу і дзяўбсці яе, альбо прыйдзецца набываць кілішак у шынку за сапраўдныя грошы. Замест таго каб бясплённа марнаваць час і сілы на іспытах, дзе я не меў ніякіх шанцаў, я паставіў усё на «калодкі» і «шарык-у-дзірку».

Першае выпрабаванне нашыя продкі прыдумалі як пакуту: на Масленіцу да ног халасцякоў і незамужніх дзяўчат прывешвалі калодкі, з якімі трэба было хадзіць. Не пабачыўшы нічога складанага ў тэсце, я прайшоў яго двойчы. Мой сакрэт палягае ў тым, каб пасля першага разу даць магчымасць вядоўцы забыць твой твар. Трэба пайсці пагуляць, ці дзесьці пасядзець, каб забіць час. Праз паўгадзіны мяне ўжо ніхто ўжо не памятаў, і ў выніку я меў дзве манеты.

Тым жа чынам я два разы прайшоў тэст на маторыку рук. Паводле ўмоваў конкурсу, драўляны шарык, прывязаны да круглай дошкі з дзіркамі, трэба было загнаць у гэтыя дзіркі. Нескладанае, на першы погляд, заданне зусім не давалася некаторым. Я адчуў, аднак, што здолею. І так выйшла. Паўтараючы трук з адыходам на паўгадзіны ад месца дзеяння, я выйграў яшчэ дзве манеты.

Каб кульнуць самагону, трэба было знайсці пятую. Я вырашыў перацягнуць канат. У адным месцы перацягванне было ў фармаце адзін на адзін: кожны з гульцоў стаяў на маленькай калодачцы, і павінен быў саштурхнуць суперніка на зямлю альбо адабраць у яго канец вяроўкі. Гульня па ўзроўню стратэгіі нагадвала японскую лагічную гульню го. Я пацярпеў паразу двойчы, і вырашыў, што трэба карыстацца не розумам, а сілай. Урэшце я прыняў выклік групы хлопцаў, якім быў патрэбны чалавек у дружыну па перацягванні класічнага каната. Іх мазолістыя рукі выглядалі грунтоўна, і я пагадзіўся. Мы перамаглі, і ў мяне была пятая манета.

Калі ў намёце Зімы тая частавала мяне самагонам, гуркамі і капустай, скрозь рыцарскую ахову прарваўся нейкі спадар з жонкай, які толькі прыехаў у Дудуткі, але не меў намеру ўдзельнічаць у конкурсах. Ён папрасіў у Зімы дазволу аплаціць дэгустацыю самагону вершам Гілевіча – і лёгка атрымаў дазвол гаспадыні.

Стала крыўдна і млосна, бо вершы мне даюцца нашмат лепш за канаты альбо шарык-у-дзірку. Я мог бы напіцца ўшчэнт на адныя толькі байкі Кандрата Крапівы, але свята падыходзіла да завяршэння, праз мегафон Зіму прасілі выпусціць палонную Вясну (якая насамрэч увесь гэты час хадзіла сабе спакойна па ўсіх Дудутках з сябрамі), потым доўга шукалі, дзе падзелася пудзіла Масленіцы, потым не маглі дагукацца да хлопцаў, што павінныя былі яе паставіць на стос і падпаліць. Падчас гэтай працэдуры зімовая фігура ўпала галавой у бруд, але ўсёй талакой яе вярнулі на вогнішча, агонь распалілі, і пад шматкамі саламянае лялькі, што разляталіся па-над скансэнам, людзі рабілі развітальныя сэлфі на тле агню і спяшаліся па дамох, каб адпачыць ад адпачынку.

Акрамя Дудутак Belsat.eu наведаў і загарадны клуб «Фестывальнае», што на хутары Арлоўшчына ў Валожынскім раёне. Тут адметнасцямі святкавання Масленіцы сталі спаборніцтвы «хто далей кіне валёнак» і спальванне Марэны. Прапануем вашай увазе фотарэпартаж з месца падзей.

Глядзі таксама
Каментары