У ДНР і ЛНР курс рубля – вышэйшы, чым у Маскве


Сёння – апошні дзень, калі ў самаабвешчаных рэспубліках на ўсходзе Украіны – толькі адна афіцыйная валюта.

Гандляры на рынках Данецку ўжо чапляюць да сваіх тавараў два цэннікі: ва ўкраінскіх грыўнях і расейскіх рублях. З 25 сакавіка ў ДНР і з 15-га ў ЛНР расплачвацца можна таксама доларамі і еўра. Праўда, дзейнічала шматвалютная сістэма далёка не ўва ўсіх гандлёвых кропках.

Курс расейскай валюты ў ДНР і ЛНР – вышэйшы за курсы Нацбанкаў Расеі ды Украіны на 10 капеек (у Данецку за рубель бяруць 0,5 грыўні, у Кіеве ды Маскве – 0,4).

Раней лідар баевікоў ДНР Аляксандр Захарчанка падпісаў «указ», паводле якога заробкі ды пенсіі маюць выплачваць у расейскіх рублях. За гэта будзе адказны «Цэнтральны Рэспубліканскі Банк» і дзяржпрадпрыемства «Пошта Данбасу», паведаміў ТАСС.

Тым часам грошай у людзей катастрафічна не хапае: грыўняў амаль не засталося, а ў рублях выплаты былі толькі на некалькіх прадпрыемствах, арыентаваных на Расею.

АК, belsat.eu, паводле segodnya.ua, pravda.com.ua

Глядзі таксама
Каментары