У Дэлі жанчына ўпершыню стала працаваць кіроўцам аўтобуса


У сталіцы Індыі з’явілася першая жанчына-кіроўца аўтобуса.Пасажыры падыходзілі, каб паглядзець на яе, а некаторыя фатаграфавалі.

30-гадовая Ванкадарат Сарыта распавяла, што ейным прыярытэтам ёсць бяспека пасажырак.

У свой першы дзень на новай працы яна чула словы падтрымання ад пасажыраў, але таксама мусіла пазмагацца з няспраўнымі дзвярыма.

У Дэлі шмат хто абураны дамаганнямі да жанчын у грамадскім транспарце. Чыноўнікі спадзяюцца, што прыклад спадарыні Сарыт натхніць іншых жанчын на падобную кар’еру, падае Бі-Бі-Сі.

У некаторых індыйскіх штатах жанчыны-кіроўцы працуюць ужо даўно, але сталічны перавозчык «Delhi Transport Corporation» пайшоў на такое прызначэнне ўпершыню.

Калі спадарыня Сарыта села за стырно маршрутнага аўтобуса, пасажыры выглядалі задаволенымі – шмат хто падыходзіў, каб паглядзець на жанчыну, іншыя – фатаграфавалі яе на мабільныя тэлефоны.

Перад тым, як выйсці з аўтобуса, некаторыя пасажыры казалі: «Дзякуй, спадарыня».

Першы дзень працы не абышоўся без інцыдэнтаў – заела дзверы аўтобуса. Прыйшлося выклікаць двух механікаў, якія ліквідавалі праблему, і аўтобус аднавіў рух.

Спадарыня Сарыта прыехала ў Дэлі з паўднёвага штату Тэлангана і раней ужо працавала кіроўцам.

«Нас у сям’і – пяцёра сясцёр. Спачатку я навучылася кіраваць мотарыкшай, потым – працавала кіроўцам мікрааўтобуса ў каледжы», – распавядае жанчына.

Са свайго заробку яна плануе дапамагаць сям’і, а таксама хоча купіць сабе залатыя завушніцы.

«Жанчына-кіроўца дапаможа палепшыць імідж нашай кампаніі», – кажа прадстаўнік «Delhi Transport Corporation» спадар Мінхас. Паводле яго слоў, кампанія хоча наняць яшчэ больш жанчын-кіроўцаў.

Грамадскі транспарт Дэлі шмат хто лічыць небяспечным пасля таго, як у снежні 2012 года група хлопцаў згвалціла ў аўтобусе 23-гадовую студэнтку, якая пазней памерла.

У горадзе працягваецца суд над таксістам, якога абвінавачваюць у згвалтаванні пасажыркі ў канцы мінулага года. Таксіст віны не прызнае.

МЯ, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў