У Даніі ўступіў у сілу закон аб канфіскацыі каштоўнасцяў у бежанцаў


Такім чынам урад плануе кампенсаваць выдаткі на прыём і ўтрыманне ўцекачоў.

Закон дае дацкім праваахоўнікам магчымасць канфіскоўваць у эмігрантаў грошы і каштоўныя рэчы. Паліцыянты маюць права канфіскаваць маёмасць уцекачоў на суму больш за 10 000 дацкіх кронаў (прыкладна $ 1 500).

Са спісу рэчаў, якія падлягаюць канфіскацыі, выключаныя прадметы, якія могуць мець для ўладальніка эмацыйную каштоўнасць – напрыклад, заручальны пярсцёнак.

Перад вобшукам паліцыянты мусяць папрасіць эмігранта здаць каштоўныя рэчы. Акрамя гэтага, супрацоўнік паліцыі не можа прымушаць эмігрантаў распранацца.

Данія ўводзіць такія меры ўслед за Швейцарыяй і некаторымі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі Нямеччыны.

Заходнія СМІ адзначаюць, што канфіскацыя каштоўнасцяў зʼяўляецца часткай больш шырокіх захадаў, прынятых дацкімі ўладамі, накіраваных на тое, каб знізіць прывабнасць Даніі сярод тых, хто шукае прытулак у Еўропе. У прыватнасці, некаторыя ўцекачы не змогуць перавозіць свае сямʼі ў Данію цягам трох гадоў пасля атрымання прытулку.

Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН у справах бежанцаў папярэдзіла, што гэты закон парушае Еўрапейскую канвенцыю аб правах чалавека, Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці і Канвенцыю ААН аб статусе бежанцаў.

ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.ru, bbc.com

Стужка навінаў