У Даніі арыштавалі дачку памочніцы прэзідэнта Паўднёвай Карэі


Улады краіны звярнуліся ў Інтэрпол з просьбай адшукаць дачку Чхой Сун Сіль. Сяброўка Пак Кын Хе стала прычынай палітычнага скандалу, які спаралізаваў працу ўраду.

20-гадовая Чхонг Ю Ра – конная гоншчыца. Дзяўчына стажыравалася ў Нямеччыне. Арыштавалі яе за незаконнае знаходжанне ў паўночным дацкім горадзе Ольбар. Цяпер дацкая паліцыя разглядае пытанне аб яе экстрадыцыі.

Чхонг таксама падазраюць у махінацыях. Яна выклікала гнеў грамадскасці летась, калі стала вядома, што яна атрымала прывілеяванае становішча ў прэстыжным Жаночым універсітэце Іхва, дзе яе допуск пасля скасавалі.

1 студзеня Пак Кын Хе, якой 9 снежня аб’явілі імпічмент, упершыню за апошні месяц з’явілася на публіцы. Яна публічна зняпраўдзіла прэтэнзіі ў карупцыі, назваўшы абвінавачванні супраць яе сфабрыкаванымі і несапраўднымі.


Карупцыйны скандал вакол прэзідэнта Паўднёвай Карэі адбыўся пасля таго, як журналісты кабельнага тэлебачання знайшлі ў сметніцы аднаго з гатэляў таблет з сакрэтнымі дакументамі, сярод якіх былі тэксты прамоваў Пак Кын Хе. Неўзабаве высветлілася, што таблет належыць сакратарыяту ейнай даўняй сяброўкі, 60-гадовай Чхой Сун Сіль. Гэтую жанчыну ў лістападзе арыштавалі як падазраваную ў незаконным атрыманні грошай, якія мусілі праз ейныя фонды накіроўвацца на папулярызацыю за мяжой паўднёвакарэйскай культуры і спорту.

ДР belsat.eu паводле theguardian.com

Стужка навінаў