У ДАІ распавялі, за кім так гналіся, што разбілі дзве службовыя машыны


Два экіпажы ДАІ намагаліся спыніць серабрысты «Мерседэс», якім кіраваў 25-гадовы гарадзенец. Ён уцякаў, бо баяўся канфіскацыі аўта.

Аварыя з удзелам двух службовых машын Дзяржаўтаінспекцыі адбылася 4 ліпеня ў Горадні. Прэс-служба гарадзенскай ДАІ паведамляе, што пагоня распачалася, калі інспектары заўважылі падазроныя паводзіны кіроўцы «Мерседэса».

Мужчына ехаў у кірунку вёскі Лунна, але калі заўважыў патруль, то рэзка развярнуўся і пачаў уцякаць у бок гораду. Інспектары спрабавалі дагнаць аўта, да пагоні падключыўся яшчэ адзін экіпаж.

На праспекце Янкі Купалы два міліцэйскія аўты сутыкнуліся, а «Мерседэс» адарваўся ад пагоні.

Пазней кіроўца кінуў машыну ў адным з двароў, а ўночы вярнуўся і спрабаваў перагнаць аўта на ўскраіну гораду, аднак быў затрыманы. Як высветлілася, на мужчыну не раз складалі пратаколы за перавышэнне хуткасці. Кіроўца патлумачыў міліцыянтам, што ўцякаў, бо баяўся, што ў яго сканфіскуюць аўта.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў