У Чарнобыльскай зоне ва Украіне загінуў беларус


Мужчына спрабаваў падняцца на радыёлакацыйную вежу паблізу закрытага ваеннага аб’екта «Чарнобыль-2», але сарваўся з 15-метровай вышыні.

Пра гэта паведамляе прэс-служба ГУ Нацыянальнай паліцыі ў Кіеўскай вобласці ў Facebook.

Паведамляецца, што двое беларусаў і жыхарка Расеі незаконна праніклі на тэрыторыю адсялення закрытага ваеннага абʼекта «Чарнобыль-2» дзеля экстрэмальных уражанняў.

«33-гадовы сталкер абраў для гэтага радыёлакацыйную вежу, якая знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад станцыі, аднак не разлічыў свае сілы і сарваўся з 15-метровай вышыні. Медыкі толькі канстатавалі смерць», – паведамляюць у паліцыі.

Адзначаецца, што па гэтым факце была распачатая крымінальная вытворчасць па ч.1 арт. 115 Крымінальнага кодэкса Украіны (наўмыснае забойства) з адзнакай аб няшчасным выпадку.

Акрамя таго, у паліцыі адзначылі, што праваахоўнікі склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні ў дачыненні да двух іншых турыстаў-экстрэмалаў, ім пагражае штраф і дэпартацыя з Украіны.

КА, belsat.eu, паводле pravda.ua

Стужка навінаў