Суд над «беларускім шпіёнам» у Чарнігаве адклалі. Ён запатрабаваў перакладчыка на беларускую мову


Сёння, 12 лютага, Чарнігаўскі раённы суд Чарнігаўскай вобласці правёў папярэдняе слуханне па справе беларуса Юрыя Палітыкі, якога абвінавачваюць у шпіянажы. Падчас паседжання адвакаты Палітыкі запатрабавалі для яго перакладчыка на беларускую мову і суд пастанавіў знайсці адпаведнага спецыяліста да заўтра, 13 лютага.

Хаця на паседжанні і прысутнічала перакладчыца на расейскую, адвакаты запярэчылі, бо яна не валодае беларускай мовай. Пры гэтым сам Юры Палітыка заявіў, што валодае расейскай мовай толькі «часткова» і хоча, каб суд адбываўся «на роднай мове». Па заканчэнні паседжання старэйшы саветнік амбасады Беларусі ва Украіне Сяргей Бобаў сказаў карэспандэнтцы belsat.eu, што цалкам падтрымлівае гэтае патрабаванне беларускага грамадзяніна нягледзячы на тое, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы.

18.00. Суд перанеслі на 15:00 на 13 лютага, бо адвакаты запатрабавалі перакладчыка на беларускую мову для абвінавачанага. Палітыка заяіў, што ён «часткова разумее» расейскую мову і таму яму неабходны перакладчык на беларускую.

17.40 У ходзе слухання адвакаты заявілі адвод калегіі суддзяў, бо, паводле іх меркавання, папярэднія рашэнні былі ўхвалены незаконна.

17.20. Пачалося паседжанне, працэс вядзецца на ўкраінскай мове. Суд дазволіў відэаздымку.

Publié par Catarina Andreeva sur lundi 12 février 2018

17.05 Палітыка: «Тое што са мной адбылося – подлая падстава». Ён падкрэслівае, што нічога кепскага супраць Украіны ніколі не рабіў. Сакрэтных звестак ні на карысць Расеі, ні на карысць Беларусі не збіраў. Назваць імя ўкранскага знаёмага, які нібыта яго «падставіў», падазраваны пакуль адмовіўся.

17.15. Юры Палітыка заявіў, што падчас следства яго катавалі – залівалі ў горла ваду, утрымлівалі сілай, душылі, нацягвалі торбу на галаву. Паводле слоў Палітыкі, такім чынам яго прымушалі прызнацца ў шпіянажы на карысць Расеі.

17.00 Юры Палітыка дастаўлены ў судовую залу, яго суправаджае ўзброены канвой.

Юры Палітыка

16.59. Адзн з адвакатаў Юрыя Палітыкі – Тарас Гералюк. Ён абараняе беларуса з 29 студзеня. Другі адвакат Палітыкі – Валянціна Рагавец.

Тарас Гералюк

16.48. Старэйшы саветнік амбасады Беларусі ва Украіне па консульскіх пытаннях Сяргей Бобаў у каментары belsat.eu адзначыў:

«Пазіцыя амбасады абсалютна выразная і адназначная. Мы лічым тое, як абыходзіліся з Юрыем, недапушчальным, непрымальным. Гэта нівелюе ўвесь працэс і зводзіць яго да ўзроўню банальнага здарэння. Апошні раз мы бачыліся 7 лютага, Юры трымаецца, але ён, ведаеце, па-спартоваму злы».

Сяргей Бобаў

Паводле Бобава, беларускі бок накіроўваў афіцыйнаму Кіеву пяць нотаў пратэсту наконт справы Юрыя Палітыкі.

«Прайшлі кансультацыі МЗС. Былі перамовы і на больш высокім узроўні. Не хочацца раскрываць матэрыялы справы, але з Юрыем зрабілі ўсе, каб ён расчараваўся ў сябрах, ва ўсім святым у што верыў. Гэта была правакацыя», – адзначыў ён.

16.21. Юры Палітыка ў суд яшчэ не дастаўлены. Як распавёў суддзя Кухта, беларус будзе знаходзіцца ў залі суду ў празрыстым боксе пад вартаю.

Тым часам да будынку суду прыбыла машына з беларускай амбасады ў Кіеве.

***

Справу разглядае судовая калегія ў складзе трох суддзяў. Падчас папярэдняга паседжання вырашыцца, будзе далейшы працэс праходзіць у адкрытым ці закрытым рэжыме.

Як раней паведаміў «Белсату» суддзя Уладзіслаў Кухта, пакуль што грыфу сакрэтнасці на справе Палітыкі няма. Аднак частку матэрыялаў, якія складаюць дзяржаўную таямніцу, могуць засакрэціць па хадайніцтве аднаго з бакоў у ходзе слуханняў і тады працэс пройдзе ў закрытым рэжыме. Не выключаецца, што справу могуць вярнуць на дапрацоўку ў пракуратуру, а затрыманаму падоўжыць тэрмін арышту. Паседжанне мае праходзіць на расейскай мове.

Нагадаем, 32-гадовы менчук Юры Палітыка быў затрыманы супрацоўнікамі Службы бяспекі Украіны 16 чэрвеня мінулага году ў памежным пункце пропуску «Новыя Ярылавічы» у момант праходжання пашпартнага кантролю і змешчаны ў СІЗА Чарнігава.

З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, затрыманы беларус, дзейнічаючы ў інтарэсах трэцяга боку, збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.

Напачатку студзеня 2018 года шэраг беларускіх недзяржаўных СМІ апублікавалі ліст Юрыя Палітыкі ў амбасаду Беларусі ў Кіеве, дзе ён сцвярджаў, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі з боку СБУ, ніколі не працаваў на беларускі КДБ і не збіраў сакрэтныя звесткі. Таксама да СМІ з просьбай аб дапамозе звярнулася ягоная маці. Тым часам Генеральная пракуратура Беларусі заявіла пра «абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці прыкметаў шпіянажу ў дзеяннях затрыманага» і назвала крымінальную справу супраць беларуса «палітычнай». У сваю чаргу, СБУ заяву Юрыя Палітыкі пра катаванні зняпраўдзіла.

23 студзеня Палітыка атрымаў абвінаваўчы акт – паводле артыкулу 114 КК Украіны (шпіянаж) яму пагражае ад 10 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары