У Чарнагорыі масавыя пратэсты, дэманстранты выставілі ўльтыматум прэм’еру


Калі прэм’ер не сыдзе ў адстаўку да суботы, у сталіцу з’едуцца пратэстоўцы з усёй краіны, папярэджвае апазіцыйны лідар.

На выходных у чарнагорскай сталіцы Падгорыцы было неспакойна. Два дні запар тут адбываліся антыўрадавыя дэманстрацыі, якія сабралі некалькі тыс. чалавек і прывялі да сутычак з паліцыяй.

Андрыя Мандыч, які з’яўляецца лідарам найбуйнейшай апазіцыйнай сілы – Дэмакратычнага фронту – заклікаў устрымацца ад гвалту. Але папярэдзіў, што пратэсты працягнуцца, калі патрабаванні апазіцыі не будуць выкананыя.

«Калі да бліжэйшай суботы не будзе створаны часовы ўрад, а прэм’ер Міла Джуканавіч не сыйдзе ў адстаўку, людзі з цэлай Чарнагорыі з’явяцца ў Падгорыцы», – заявіў Мандыч.

Праціўнікі дзеючых уладаў сцвярджаюць, што «краіна кіруецца па прыкладзе княства той жа самай палітычнай элітай на працягу 20 гадоў». Апазіцыя вінаваціць улады ў аўтарытарным кіраванні і ціску на апазіцыю.

650-тысячная Чарнагорыя, якая ў 2006-м годзе аддзялілася ад Сербіі і атрымала незалежнасць, імкнецца ўвайсці ў Еўразвяз і мае шанцы яшчэ сёлета далучыцца да НАТО.

НМ, belsat.eu, паводле Pap.pl

Стужка навінаў