У цэнтры Кішынёва пратэстоўцы паставілі каля 100 намётаў


Пратэстоўцы пераначавалі ў намётавым мястэчку ў цэнтры сталіцы Малдовы. Забяспечваць парадак апазіцыянерам дапамагаюць ветэраны ўзброеных канфліктаў.

Як перадае карэспандэнт «Інтэрфаксу» з цэнтральнай плошчы малдаўскай сталіцы, вечарам 6-га верасня тут устанавілі каля 30 намётаў, але ўсю ноч людзі прыносілі новыя намёты, ежу, ваду, цёплую вопратку.

Да раніцы намётавы гарадок, які пратэстоўцы назвалі мястэчкам «Годнасці і справядлівасці», павялічыўся амаль да ста намётаў.

Яны займаюць прыкладна чвэрць цэнтральнай плошчы Кішынёва, недалёка ад цэнтральнага ўваходу ў будынак ураду. Ноччу ў намётавым мястэчку заставалася каля 200 чалавек, раніцай да іх далучылася яшчэ прыкладна столькі ж.

Як паведаміў «Інтэрфаксу» адзін з лідараў Грамадзянскай платформы «Годнасць і справядлівасць» Андрэй Нэстасе, ноч прайшла спакойна, парадак на плошчы забяспечваецца паліцыяй і добраахвотнікамі.

«Плошча Вялікага нацыянальнага сходу ахоўваецца намі, каб пазбегнуць правакацыяў. Нам дапамагаюць у гэтым ветэраны збройнага канфлікту на Днястры, былыя «афганцы», таксама ветэраны праваахоўных органаў, якія выказаліся ў падтрыманне нашых пратэстаў», – адзначыў Нэстасе.

Паводле яго слоў, акцыя пратэсту будзе працягвацца ў рэжыме нон-стоп. Апазіцыянер адзначыў, што пратэстоўцы маюць кантакты з урадам, але перамовы не вядуцца.

«Мы не бачым сэнсу ў перамовах. Трэба выконваць патрабаванні, а не спрабаваць гандлявацца. Гандаль – гэта там, ва ўладзе. Яны прыгандлёўваюць пасадамі, маёмасцю, краінай. А мы хочам усяго толькі вярнуць народу краіну, якую захапілі алігархі. Няма сэнсу ў перамовах, мы краінай не гандлюем. Яна нам належыць, пра гэта дакладна заявілі напярэдадні тыя 100 тысяч грамадзянаў, якія выйшлі на плошчу. Мы разумеем, што ўлады напалоханыя, але дапамагчы ім нічым не можам», – заявіў Нэстасе.

У панядзелак лідары платформы «Годнасць і справядлівасць» адмежаваліся ад дзеянняў партыі «Чырвоны блок», якая напярэдадні правяла ўласную акцыю пратэсту, справакаваўшы ля будынку Генпракуратуры сутыкненні з паліцыяй.

«Акцыя левых радыкалаў не мела нічога агульнага з нашай. Мы вядзем цывілізаваную барацьбу, нашы акцыі пратэсту носяць мірны характар. Мы ўлічваем магчымасць правакацыі, таму прасілі і паліцыю забяспечыць парадак, але і самі клапоцімся пра гэта», – заявіў актывіст.

Напярэдадні дзясяткі тысяч чалавек сабраліся ў нядзелю на самую масавую за апошнія гады акцыю пратэсту ў цэнтры Кішынёва.

Яны прынялі рэзалюцыю, у якой патрабуюць датэрміновых парламенцкіх выбараў, адстаўку прэзідэнта і правядзення ўсенародных выбараў кіраўніка дзяржавы, змены кіраўніцтва сілавых структур, вяртання скрадзенага з банкаўскай сістэмы мільярда еўраў.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў