У цэнтры еўрапейскай сталіцы прагучаць беларускія песні


У Варшаве 2-га кастрычніка ўжо 9-ты раз пройдзе канцэрт «Салідарныя з Беларуссю».

Сёлета імпрэза пад лозунгам адбудзецца не ўвесну, як было дагэтуль, але 2 кастрычніка, у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

«Нам важна, каб канцэрт адбыўся перад самымі выбарамі. Мы памятаем, што адбылося ў нашых суседзяў у 2010-ым годзе. Большасць канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі тады трапілі ў турму», – адзначыў старшыня ініцыятывы «Вольная Беларусь», якая арганізуе імпрэзу, Фелікс Тушка.

Канцэрт пройдзе пад лозунгам «Свабода без межаў». На сцэне ў самым цэнтры Варшавы пад Палацам культуры і навукі з’явяцца артысты з Польшчы, Беларусі ды Украіны. Перад гледачамі выступяць Аня Русовіч (Польшча), «Enej» (Польшча), «Hańba!» (Польшча), «Дзецюкі» (Беларусь), «Shuma» (Беларусь) і «ВопліВідаплясава» (Украіна), а таксама «Амплітуда смеласці» (Беларусь).

Канцэрт будзе магчымасцю для жыхароў і гасцей Варшавы, каб выказаць сваё падтрыманне дэмакратычным пераўтварэнням у Беларусі. Акрамя гэтага адбудзецца шэраг суправаджальных імпрэзаў. Праграма ўключае ў сябе: выставы працаў Вольгі Бабурынай (Беларусь), Вольгі Кузьміч (Беларусь) і арт-групы «The Krasnals» (Польшча), а таксама перформанс мастака Алеся Пушкіна і серыю дэбатаў. Адбудзецца таксама паказ сучасных беларускіх дакументальных фільмаў (у тым ліку прэм’ера стужкі пра гурт «Krambambula» –«Свабоду не стрымаць»).

«Сёлета мы таксама запрасілі музычныя гурты і гасцей з Украіны. Мы хочам прыцягнуць увагу да складанай геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне. Жыхары Варшавы змогуць выказаць сваю салідарнасць з нашымі ўсходнімі суседзямі», – дадаў Фелікс Тушка.

Уваход на канцэрт і ўсе суправаджальныя імпрэзы вольны.

На канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» ў 2014 годзе прыйшлі некалькі тысяч чалавек.

На канцэрт будзе арганізаваны аўтобусны тур з Менску з бясплатнымі візамі. Падаць заяўку можна ТУТ.

Праграма дадатковых імпрэзаў

28.09 – Адкрыццё выставы «Свабода без межаў» – выстава беларускіх мастакоў Вольгі Бабурынай, Вольгі Кузьміч і польскага арт-гурта «The Krasnals»

29.09 – Паказ фільму «Свабоду не стрымаць» у кінатэатры «Elektronik»

30.09 – Паказ беларускіх незалежных дакументальных фільмаў у Музеі сучаснага мастацтва ў Варшаве

01.10 – Дыскусія літаратараў з Польшчы, Беларусі, Украіны ды Расеі на тэму: «Заангажаваны мастак». Абмеркаванне будзе датычыць ролі, якую ў эпоху нявызначанасці ставіць перад мастаком грамадства

02.10 – Выступ музычнага гурта «Vuraj» (яшчэ пацвярджаецца)

03.10 – Панэльная дыскусія

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў