У цэнтры Данецку стыхійны мітынг: «Спыніце вайну!», «Ідзіце ўсе гэць!»


У цэнтры Данецку, насупраць будынку «ўраду ДНР», цягнецца стыхійны мітынг, які пачаўся яшчэ раніцаю.

На акцыю выйшла каля 500 чалавек, паведамляе novayagazeta.ru.

Мясцовыя жыхары выкрыкваюць: «Спыніце вайну!», «Вярніце нам жыллё, у нас разбілі дамы!», «Ідзіце ўсе гэць!». Мітынг пачаўся ў 150 метрах ад будынку адміністрацыі, але да 13:00 стаў перамяшчацца пад вокны будынку ўраду, падае unian.ua.

Патрабаванні пратэстоўцаў – спыненне абстрэлаў, якія вядуць баевікі з тэрыторыі мікрараёну «Кастрычніцкі рынак».

Жыхары абвінавачваюць у абстрэлах сепаратыстаў, якія сваймі дзеяннямі нібыта выклікаюць у адказ агонь украінскіх вайскоўцаў.

Да пратэстоўцаў падыходзілі «паліцыянты ДНР» ды правяралі дакументы, у тым ліку – у журналістаў.

Пратэстоўцы перакрылі вуліцу Артэма – галоўную ў Данецку. Транспартныя зносіны на вуліцы перапыненыя, утварылася чарга з тралейбусаў.

Да пратэстоўцаў з адміністрацыі выйшаў чалавек, які не захацеў прадставіцца. Ён прапанаваў пяці прадстаўнікам мясцовых жыхароў сустрэцца з кіраўніком ДНР Аляксандрам Захарчанкам. Ініцыятыўную групу пасадзілі ў машыну і павезлі ў невядомым кірунку.

Праз некаторы час да пратэстоўцаў на мыліцах і ў суправаджэнні аўтаматчыкаў выйшаў сам Захарчанка, які паспрабаваў супакоіць людзей.

Ён заявіў, што вайна пакуль спыніць не атрымаецца. Адказам яму былі абураныя воклічы з натоўпу: «Вайну трэба спыніць неадкладна, ці даць жыллё». На пытанне аб тым, калі пачнуць рэгулярна выплачваць пенсіі, баявік адказаў, што «ўрад над гэтым працуе»

Праз некаторы час Аляксандр Захарчанка папрасіў тых, хто сабраўся «адпусціць яго», спаслаўшыся на раненні.

Доўгі картэж з чорных джыпаў «Ленд Крузер» ды «Мерседэсаў» на вялікай хуткасці адвёз яго ад адміністрацыі.

Гэта першы маштабны мітынг з антываеннымі патрабаваннямі ў Данецку.

МЯ, паводле novayagazeta.ru, unian.ua

Стужка навінаў