У Будславе мітрапаліт Кандрусевіч згадаў 100-годдзе БНР і заклікаў да духоўнай перамены


Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да наведнікаў працэсіі ў Будславе з пажаданнем не шукаць вінаватых і распачаць перамены з сябе. Арцыбіскуп таксама выказаў «заклапочанасць маральным становішчам сучаснага чалавека і асабліва маладога пакалення».

«Нам і нашаму народу, які сёлета адзначае 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі – факту, якога нельга ігнараваць, бо гэта частка нашай гісторыі, – неабходная духоўная перамена.

Распачаць яе неабходна з сябе, не шукаючы вінаватых. Неабходна на шляху шчырага дыялогу шукаць шляхоў вырашэння існых праблем нашага грамадства. Не кампрамісу, а дыялогу, бо калі кампраміс мае на мэце атрымаць «большы кавалак торта», то мэта дыялогу – дасягненне супольнага дабра».

Больш за 2500 пешых пілігрымаў адсвяткавалі ў Будславе 20-годдзе каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай, паведамляе catholic.by.

Кожны год у першыя выходныя ліпеня ў вёсцы Будслаў Мядзельскага раёну Менскай вобласці адбываецца фэст у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай, куды збіраюцца тысячы ўдзельнікаў пешых, роварных, аўтамабільных і матацыклетных пілігрымак. Свята збірае католікаў з усёй Беларусі, а таксама гасцей з Польшчы, Украіны, Расеі, Літвы і іншых еўрапейскіх краінаў.

У 2016 годзе Будслаўскі фэст быў унесены ўрадам Беларусі ў спіс нацыянальных нематэрыяльных гісторыка-культурніцкіх каштоўнасцяў краіны.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў