У бойцы ў варшаўскім клубе 25 сакавіка пацярпелі пяцёра беларусаў


Інцыдэнт сарваў канцэрт беларускага гурту «Дай дарогу!», запланаваны на 25 сакавіка.

У выніку канфлікту з аховай клубу «Макулатура» падчас канцэрту берасцейскага гурта «Дай дарогу!» пацярпелі пяцёра беларусаў. Іх затрымала паліцыя. Пацярпелыя сцвярджаюць, што сітуацыю справакавалі самі ахоўнікі.

Паводле аднаго з удзельнікаў інцыдэнту Данілы, канфлікт пачаўся пасля таго, як мэнэджэр заўважыў, што хлопец мае набытае па-за клубам піва і запатрабаваў яго выйсці. Малады чалавек дапамагаў арганізатарам канцэрту. Пасля кароткай спрэчкі ён пагадзіўся, але вырашыў спачатку перадаць арганізатару феерверкі, якія набылі спецыяльна для імпрэзы. Калі Даніла выходзіў з клубу, унутр уварвалася ахова. Пачалі збіваць ягонага сябру і ягоную дзяўчыну, якую, паводле Данілы, білі нагамі. Таксама ахоўнікі распылілі газ.

Канцэрт гурту «Дай дарогу!» сарвалі. Ахова выклікала паліцыю і абвінаваціла беларусаў у парушэнні грамадскага парадку. Паліцыянты затрымалі 5 асобаў. Тэст на алкаголь паказаў, што ніхто з затрыманых не быў пʼяны, а некаторыя ўвогуле не ўжывалі алкаголю.

Гасцей абурылі выкрыкі ахоўнікаў «białoruska szmata» («беларуская прастытутка»).

Паводле аднаго з удзельнікаў канфлікту, суд будзе, але калі – яшчэ невядома. Беларусы хочуць прыцягнуць адміністрацыю ды ахову да адказнасці. Яны зафіксавалі сляды збіцця і далі паказанні паліцыі.

Супрацоўнікі «Макулатруры» паабяцалі, што неўзабаве выдадуць афіцыйную заяву. Па ўсім відаць, што яны не хочуць абвастраць сітуацыю. У тэлефоннай размове з журналістам «Польскага радыё» прадстаўнік клубу выразіў шкадаванне з прычыны інцыдэнту і заявіў, што клуб гатовы вырашыць канфлікт як мага больш мірным шляхам.

ДР belsat.eu паводле radyjo.net

Глядзі таксама
Каментары