У Беслане напалі на ўдзельніц акцыі супраць Пуціна


Людзі ў цывільным напалі на Элу Кесаеву і Святлану Маргіеву (маці закладнікаў бесланскай школы), якія ў дзень гадавіны бесланскага тэракту апранулі кашулькі з надпісам «Пуцін – кат Беслану».

Невядомыя таксама напалі на карэспандэнтку «Новай газеты» Алену Касцючэнка, якая распавяла пра гэтую акцыю.

Калега журналісткі Алена Мілашына паведаміла, што ў нападзе ўдзельнічала група людзей, якіх сагналі на тэрыторыю бесланскай школы №1, дзе сабраліся жанчыны.

Паводле Мілашынай, у Касцючэнка адабралі камеру і тэлефон. «Тое ж самае зрабілі з Элай Кесаевай і Светай Маргіевай. У іх адабралі камеры, калі яны здымалі, як іх атачаюць людзі ў цывільным», – напісала Мілашына сваім «Facebookʼу».

Нагадаем, што 2 верасня жанчын, якія правялі акцыю пратэсту ў спартзале школы №1 гораду Беслан (Паўночная Асеція), прысудзілі да грамадскіх працаў і штрафаў.

Напярэдадні пяцёра жанчын прыйшлі ў спартзал у футболках з абвінавачваннямі на адрас прэзідэнта Расеі, але былі затрыманыя. «Новая газета» паведаміла, што на кожную жанчыну аформілі два пратаколы – за несанкцыянаваную акцыю і супраціў паліцыі.

Выданне апублікавала здымкі сінякоў, якія атрымалі жанчыны падчас затрымання.

У 2004 годзе ў Беслане тэрарысты цягам двух з паловай дзён утрымлівалі ў замініраваным будынку 1128 закладнікаў. У выніку тэракту (выбухі, закладзеных тэрарыстамі бомбаў) і штурму загінулі 314 асобаў, з іх 186 дзяцей.

Фота: meduza.io

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары