У Берліне праз ураган уведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі


Гамбург, 29 кастрычніка 2017, фота з Twitter

На Нямеччыну абрынуўся ўраган «Герварт». З-за моцнага ветру ў Берліне быў уведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі.

Надзвычайная сітуацыя была абвешчаная экстранымі службамі горада ў 7:10 па мясцовым часе (09:10 па Менску). На дзяжурства былі выведзеныя дадатковыя брыгады ратавальнікаў. Экстранныя службы папярэджваюць пра пагрозу падзення дрэваў і зрыву дахаў з дамоў.

Паводле дадзеных пажарнай службы, па меншай меры адзін чалавек у Берліне ўжо пацярпеў ад падзення дрэва.

Складаная сітуацыя захоўваецца і ў некалькіх іншых рэгіёнах Нямеччыны. Чыгуначны канцэрн Deutsche Bahn паведаміў аб тым, што праз «Герварт» уводзяцца абмежаванні на рух чыгункі. У гарадах Брэмен, Гановер, Браўншвейг, Гётынген, Вольфсбург, Гамбург, Кіль, Берлін, Дрэздэн і Лейпцыг ў цяперашні час не абслугоўваюцца міжгароднія чыгуначныя рэйсы.

У Гамбургу штармавы прыліў у Эльбу прывёў да таго, што рака выйшла з берагоў. У Twitter з’явілася відэа, якое паказвае, як вада затапляе набярэжную горада. Падʼём узроўню вады прывёў да таго, што частка вуліц горада апынулася затопленая.

КА, belsat.eu, паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары