У Берасці затрымалі праціўніка акумулятарнага заводу


Андрэя Шарэнду змясцілі ў ізалятар часовага затрымання. Яшчэ некалькі асобаў атрымалі сёння позвы ў міліцыю.

19 кастрычніка міліцыя затрымала ў Берасці мясцовага актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Шарэнду. Імаверна, суд над ім адбудзецца ў панядзелак.

Таксама сёння міліцыя ўручыла позвы берасцейскім актывістам Валеру Фамінскаму і Алесю Абаляку ды журналістам Алесю Ляўчуку, Яўгену Скрабцу і Мілане Харытонавай.

З сакавіка гэтага года берасцейцы кожную нядзелю кормяць галубоў на плошчы Леніна. Гэтак яны пратэстуюць супраць пабудовы ў Берасці акумулятарнага заводу.

Міліцыя патлумачыла адрасатам позваў, што яны мусяць з’явіцца для тлумачэнняў наконт удзелу ў акцыі на мінулых выходных. Прыйсці ў пастарунак ім трэба 21 кастрычніка – у дзень наступнай акцыі.

Актывісты лічаць, што ўлады зрабілі гэта наўмысна, каб перашкодзіць ім узяць удзел у кармленні птушак.

Актывісты атрымалі позвы раніцай, калі чакалі выхаду з ізалятару часовага ўтрымання Міколу Статкевіча. Адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу адбыў пяць сутак арышту за ўдзел у кармленні птушак у мінулую нядзелю.

Увечары 19 кастрычніка стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго праціўніка будаўніцства акумулятарнага заводу. Дзям’яна Лепесевіча міліцыянты забралі з хаты.

З учарашняга дня 5-дзённы арышт адбываюць таксама берасцейскія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў, адныя з самых актыўных удзельнікаў птушыных акцыяў.

Акумулятарны завод «iPower» будуюць у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Мясцовыя актывісты сцвярджаюць, што прадпрыемства можа негатыўна паўплываць на экалогію ў рэгіёне. Пад зваротам супраць будаўніцтва заводу падпісаліся 37 тысячаў чалавек.

ДД

Стужка навінаў