У Берасці судзяць міліцыянта, які жорстка збіў двух маладзёнаў


У Берасці распачаўся судовы працэс супраць 26-гадовага былога супрацоўніка міліцыі Алега Самарчука, якога абвінавачваюць у «перавышэнні ўлады ці службовых паўнамоцтваў» (арт. 426 Крымінальнага кодэксу). Экс-міліцыянту пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Па версіі дзяржабвінаваўцы былы падначалены начальніка Маскоўскага РАЎС г. Берасці Сяргея Старыкевіча Алег Самарчук у красавіку 2017 году ўдзельнічаў у збіцці Аляксандра Зэхава і Сяргея Каляды ў апорным пункце міліцыі. Пры гэтым у збіцці ўдзельнічала яшчэ «група асобаў», па якіх справа вылучана ў асобную вытворчасць (хто яны – дагэтуль не вядома). Сяргею Калядзе зламалі тры рэбры і палец, Аляксандр Зэхаў са страсаннем галаўнога мозгу патрапіў у рэанімацыю.

«Белсат» раней распавядаў пра гісторыю збіцця маладзёнаў у Берасці. Летась 6 траўня Каляда і Зэхаў сустрэліся ў кавярні «Казка», каб выпіць і паразмаўляць. Праз некаторы час – хацелі сесці ў таксоўку. У той момант іх затрымалі, адвезлі ў пастарунак і жорстка збілі. Са словаў сведак, маладзёны не супраціўляліся і не стваралі ніякай небяспекі.

ІІ, belsat.eu, паводле brestspring.com

Стужка навінаў