У Берасці судзяць кнігі Пазняка

video

https://www.youtube.com/watch?v=xxwE77Vzr00

З гэтага пачынаўся фашызм у Нямеччыне. Гэта бяруць на ўзбраенне ўлады Беларусі. На лаве падсудных – кнігі. І пытанне пра экстрэмізм у публікацыях вядомага лідара апазіцыі Зянона Пазняка. Раней – суд у Менску, сёння – у Берасці. Паплечнікі палітыка спрабавалі абскардзіць ранейшую пастанову экспертнай камісіі. Аднак суд мае і сваіх адмыслоўцаў, і сваю праўду.

Пяць месяцаў змаганняў. Суды ў Менску і Берасці. Апошняя разбіранне не сталася неспадзяванкаю. Суд Ленінскага раёну Берасця ў асобе Алены Кавальчук падтрымаў заключэнне экспертнай камісіі, якая раней прызнала кнігі Зянона Пазняка экстрэмісцкімі.

«Гэта чыста палітычная справа. Упершыню ў чыстым выглядзе. Бо судзілі палітычныя ацэнкі лідара беларускай апазіцыі», – зазначае Юрась Беленькі, Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя – БНФ.

Бо, як выявілася, сярод тых, хто даваў экспертныя ацэнкі зместу публікацыяў Зянона Пазняка, былі прадстаўнікі праўладнага рэспубліканскага грамадскага абʼяднання «Белая Русь». Паплечнікі старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ абураныя.

«Экспертнае заключэнне робяць ідэолагі і сябры »Белай Русі«, а не гісторыкі, мастацтвазнаўцы і юрысты. Калі б у іх былі нармальныя юрысты, то з самага пачатку яны б не займаліся гэтай справаю», – даводзіць Алесь Чахольскі, Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя – БНФ.

Якія кнігі Зянона Пазняка прызнаныя экстрэмісцкімі? У чорны спіс трапілі дзве публікацыі апазіцыйнага палітыка: «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял» і «Добрая фатаграфія». Балючыя старонкі гісторыі беларусаў, а таксама змаганне за адраджэнне. Менавіта гэтыя моманты прыйшліся не даспадобы камісіі. Сам аўтар перакананы.

«Які там экстрэмізм у сусветнай фатаграфіі? Гэта ж гісторыя фатаграфіі, якая мільёны разоў была надрукаваная ўсюды. Тое самае з Курапатамі. Гэта абсалютна нахабная выхадка акупацыйных сілаў. Людзі, якія забівалі наш народ, якія расстрэльвалі людзей у Курапатах, яны хочуць абвінаваціць тых людзей, якіх забілі, і тых людзей, што гэта выкрылі», – абураецца Зянон Пазняк, лідар Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ.

Інцыдэнт вакол кніг Зянона Пазняка пачаўся ў верасні 2015-га года. Тады ў сакратара Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алеся Чахольскага мытнікі на беларуска-польскай мяжы сканфіскавалі некалькі асобнікаў выданняў. Адно з судовых разбіральніцтваў адбылося летась у снежні.

Берасцейская мытня склала позву на прызнанне літаратуры Пазняка экстрэмісцкаю. Працэс тады затрымалі, бо Алесь Чахольскі выступіў з афіцыйнаю скаргаю на вынікі экспертнай камісіі. Сённяшняя пастанова суда можа азначаць, што названыя кнігі Зянона Пазняка цяпер забароненыя.

«З гэтага пачынаўся гітлераўскі фашызм. Забарона на кнігі, супрацьпастаўленне розных палітычных групаў, сацыяльных групаў, нацыянальных групаў», – мяркуе Юрась Беленькі.

Зрэшты, гісторыя гэтак званага кніжнага экстрэмізму ў Беларусі даволі багатая. За апошнія тры гады вядомых выпадкаў затрыманняў публікацыяў толькі на ўласна памежных пунктах было каля дзясятка. Гэтак Ашмянская мытня сканфіскавала каля сарака асобнікаў фотаальбому «Прэс-фота Беларусі-2011».

Здымкі, якія адлюстроўвалі штодзённае жыццё беларусаў, былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Пазней у няласку дзяржавы трапіла кніга праваабаронцы і тады яшчэ палітзняволенага Алеся Бяляцкага «Асвечаныя беларушчынай». Адмысловая камісія прызнала, што змест публікацыі, якая часткова паўстала ў турме, можа пашкодзіць іміджу Беларусі. Спіс можна працягваць доўга.

Ян Бабіцкі, Белсат

Глядзі таксама
Каментары