У Берасці мужчына ўдарыў ДАІшніка галавой у твар. Распачатая крымінальная справа


У Берасці распачатая крымінальная справа ў дачыненні да мужчыны, які ўдарыў супрацоўніка ДАІ – яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле версіі праваахоўнікаў, інцыдэнт, які адбыўся 12 лістапада каля 03.20, выглядаў так. Супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль «Аўдзі А8», за рулём якога знаходзіўся 35-гадовы жыхар Жабінкі. Выявіўшы правапарушэнне, адзін з інспектараў прыступіў да афармлення адміністрацыйнага пратаколу. У гэты момант 29-гадовы гаспадар іншамаркі, які знаходзіўся на пасажырскім сядзенні, выйшаў з машыны і накіраваўся ў бок праваахоўніка. Наблізіўшыся, мужчына галавой ударыў у твар прадстаўніка Дзяржаўтаінспекцыі. Медыцынскі агляд пацвердзіў ў нападніка стан алкагольнага ап’янення – 1,1 праміле. Мужчыну затрымалі.

У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа па арт.364 КК (насілле ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). У ДАІ сцвярджаюць, што мужчына зʼяўляецца злосным парушальнікам правілаў дарожнага руху, якіх на яго рахунку больш за 40.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Глядзі таксама
Каментары