У Берасці масава дэмантуюць дзіцячыя пляцоўкі


Дзеці – будучыня нашае краіны! Дзецям – усё найлепшае. Гэткія словы мы чуем з вуснаў найвышэйшых і не вельмі чыноўнікаў Беларусі. Як і ў шмат якіх іншых сферах жыцця беларусаў, у клопаце пра дзяцей словы пасадоўцаў часта разыходзяцца са справамі.

«2 чэрвеня, пасля дня абароны дзяцінства, нашыя дзеці прыйшлі ды пабачылі гэтую страшную карціну», – распавядае Юлія Данілюк, жыхарка раёну Бярозаўка.

«У наш двор прыехала цяжкая тэхніка, краны, цяжкагрузныя машыны і пачалі вырываць з каранямі горкі, арэлі, гушкалкі. Усё, што было ў нас тут для дзяцей знеслі. Застаўся пустка»., – абураецца Наталля Кавалевіч, мясцовая жыхарка.

Берасцейскія камунальнікі знеслі 7 з 8 дзіцячых пляцовак у раёне Бярозаўка і, сярод іншага, тут, у дварах дамоў 100А і 102А па вуліцы Машэнскага.

«Усё, што ў нас засталося на дзіцячай пляцоўцы, – гэтая лесвічка, на якую вось такія карапузы лезуць і пастаянна з яе падаюць, вось гэтая пясочніца, у якой, калі збяруцца ўсе нашыя дзеткі, яны папросту не змесцяцца», – скардзіцца Алена Кулай, уладальніца кватэры насупраць.

Падставаю да зносу стала рашэнне транспартавай пракуратуры і цэнтру стандартызацыі, метралогіі ды сертыфікацыі аб неадпаведнасці дзіцячых пляцовак нормам бяспекі.

«Хоць дому толькі 6 гадоў, і ў нас былі новыя арэлі, горкі, то бок пластыкавыя, не металічныя, добрыя горкі. Такія ж, як цяпер усталёўваюць у іншых мікрараёнах Берасця», – звяртае ўвагу Наталля Кавалевіч.

Чаму замест давядзення да стандартаў берасцейская чыгунка, на балансе якой перабываюць месцы з абсталяваннем для гульняў дзетак, вырашыла іх папросту дэмантаваць? Адказу на гэтае пытанне пачуць не атрымалася. Абодва кіраўнікі ў часе нашых тэлефанаванняў былі па-за межамі працоўных месцаў, гэтаксама, як іхныя намеснікі ды працаўнікі ідэалагічнага аддзелу Берасцейскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў. Самыя абураныя жыхары ўжо звярнуліся ў Генеральную пракуратуру паводле некалькіх пунктаў.

«Вызначыць тых асобаў і арганізацыі, якія давалі дазвол на ўсталяванне тут дзіцячых пляцовак. Мы таксама просім генеральную пракуратуру вызначыць, ці на той час гэтае абсталяванне адпавядала нормам і стандартам РБ. Па-другое, мы просім праверыць правамернасць усіх дзеянняў, якія цяпер адбываюцца», – кажа Ігар Маслоўскі, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Грамада.

Пакуль жа адзіная парада, якую жыхары Бярозаўкі атрымалі ад гарадскога чынавенства – скінуцца і самым аплаціць усталяванне новых дзіцячых пляцовак, ужо адпаведных новым стандартам бяспекі. Не зважаючы на тое, што праз падаткі, у тым ліку камунальныя адлічэнні, грамадзяне ўжо не аднойчы за ўсё заплацілі.

Лола Бурыева, «Белсат»

Стужка навінаў