У Берасці дазволілі фестываль і мітынг на Дзень Волі. Мясцовыя ўлады абяцаюць узяць удзел


Дзень Волі ў Берасці, 2017 год

Берасцейскі гарвыканкам даў дазвол на правядзенне вулічнага фестывалю «100 год БНР», які адбудзецца 25 сакавіка на плошчы Свабоды ў Берасці. Пачатак – а 12-й гадзіне.

Дзеля падрыхтоўкі і правядзення фестывалю створаны арганізацыйны камітэт. У яго склад увайшлі больш за 20 асобаў, сярод якіх прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў і палітычных партыяў.

«Праз 100 год ад моманту абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай рэспублікі, можна ўпэўнена сцвярджаць, што мары яе заснавальнікаў здзейсніліся. Мы жывем у незалежнай краіне. Нягледзячы на тое, што ў нашым маладым грамадстве яшчэ застаюцца нявырашаныя праблемы, у юбілейную 100-ю гадавіну хочацца зрабіць свята. Таму мы рыхтуем пазітыўную, урачыстую і радасную імпрэзу з конкурсамі, віктарынамі, розыгрышамі прызоў і святочнай сімволікай», – распавёў адзін з заяўнікаў фестывалю, старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі.

З дазволу гарадскіх уладаў фестываль пройдзе пад бел-чырвона-белымі сцягамі, сімволікай партый і арганізацыяў, што ўваходзяць у аргкамітэт.

«Мы заклікаем жыхароў гораду ўзяць з сабой бел-чырвона-белую сімволіку, а для мітынгу напісаць сацыяльны ці палітычных плакат, які будзе адпавядаць тэматыцы фестывалю», – адзначыў Юрый Казакевіч, адзін з сябраў аргкамітэту, абласны каардынатар Руху «За свабоду».

У межах фестывалю адбудзецца таксама святочны мітынг. Мяркуецца, што ў ім возьмуць удзел прадстаўнікі гарадскіх уладаў, грамадскіх дзеячаў і гісторыкаў. Таксама пройдзе канцэрт на якім выступіць гарадскі духавы аркестр, Cad Goddeu, B:N, Zolki Band, СПРАТ і Relikt. Таксама адбудзецца выстава-продаж нацыянальнай сімволікі, кнігарня, «Кірмаш Валанцёрства» ад грамадскіх арганізацыяў і валанцёрскіх ініцыятыў гораду, майстар-класы для дзяцей і дарослых ад беларускіх рамеснікаў, зарганізаваная фотазона ад прадстаўнікоў рэканструктарскіх клубаў.

Месцам правядзення свята арганізатары заяўлялі вуліцу Савецкую, але атрымалі дазвол на правядзенне свята на суседняй Плошчы Свабоды, менавіта тут год таму адбыўся таксама дазволены мітынг.

АС Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары