У Берасці да помніку ахвярам палітычных рэпрэсіяў прынеслі вянок з савецкай зоркай (ФОТАФАКТ)


Цынічны «падарунак» ад «Берасцежылбуд».

Гэта бяздумна і цынічна з боку тых, хто дадумаўся ўскласці такі вянок на гэтым месцы, – мяркуе гісторык, рэдактар газеты «Царква» Ігар Бараноўскі.

«Ускладаць вянок з зоркай пад помнік рэпрэсаваным бальшавіцкай уладай, адным з сімвалаў якой зʼяўляецца зорка, – гэта здзек з памяці мільёнаў людзей, якія загінулі ў ГУЛагу або згубілі там сваё здароўе і найлепшыя гады. Шмат хто з іх быў хрысціянамі і ўласна праз гэта пацярпелі ад бязбожнай улады, якая крыж замяніла на сваю зорку. І зусім нездарма Таварыства ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Берасці, сябры якога сваймі сіламі паставілі помнік на Трышынскіх могілках, пажадалі, каб на помніку ахвярам бальшавізму быў крыж. Недарэчна ўскладаць вянкі з зоркамі пад помнік з крыжам. Дарэчы, помнік быў устаноўлены на месцы, дзе калісьці была царква. Яе знішчылі ў часы дзяржаўнага атэізму. Цяпер на месцы алтара ёсць табліца з напамінам пра знішчаную святыню. Яна таксама, можна сказаць, стала ахвярай таго рэжыму. Цяпер там у дні памяці святары з вернікамі моляцца за душы бязвінна загубленых людзей. І вось ім прыходзіцца любавацца на гэты сімвал бальшавізму на вянку», – зазначыў у каментары belsat.eu Бараноўскі.

СА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары