У Бераставіцы падчас вучэнняў увядуць каменданцкую гадзіну. Чарговы крок да Халоднай вайны?

photo

Zdj. euroradio.fm

Вакол Бераставіцы ў Гарадзенскай вобласці ўзводзяцца блокпасты, а жыхароў рыхтуюць да каменданцкай гадзіны.

Прыкладна тыдзень таму на ўездах да Бераставіцы пачалі з’яўляцца бетонныя ўмацаванні з байніцамі ды мяхі з пяском. Высветлілася, што гэтак беларускія вайскоўцы рыхтуюцца да вучэнняў, якія маюць прайсці тут з 13 да 16 чэрвеня.

Падчас вучэнняў маюць адпрацоўвацца захады супрацьдзеяння дыверсантам і правакатарам на аб’ектах камунікацыі, энергазабеспячэння і гэта далей, іншымі словамі – тактыка антыпартызанцкай вайны.

Bierastavica - blok-pasty (1)

Блокпост пад Бераставіцай. Фота belsat.eu

Убачыўшы журналістаў, маёр выклікаў міліцыю

Пікантнасці сітуацыі дадае той факт, што Бераставіца знаходзіцца зусім побач з польскай мяжой, а збудаванні ўзводзяцца акурат каля ўездаў з боку памежнага пераходу Бераставіца ды пасёлку Пагранічны. Мясцовыя жыхары на пытанні пра прычыны такога вэрхалу кажуць прамым тэкстам: «Гэта ўсё праз пашырэнне НАТО на ўсход…»

Групу журналістаў, якая прыехала пацікавіцца збудаваннямі, сустрэў маёр, адразу забараніўшы рабіць якія-кольвек здымкі. Праз пару хвілін той жа вайсковец зрабіў тэлефонны званок, імаверна ў міліцыю або сваім калегам з іншых блокпастоў, даючы «арыенціроўку» з апісаннем знешнасці супрацоўнікаў незалежных медыяў. Зрэшты, журналістам удалося пазбегнуць затрымання.

Bierastavica - blok-pasty (2)

Блокпост пад Бераставіцай. Фота belsat.eu

Што такое «Анаконда-16»?

Рэдактар беларускага аддзелу міжнароднай валанцёрскай службы «Інформнапалм» Дзяніс Івашын лічыць, што вучэнні ў Бераставіцы – гэта адказ на міжнародныя вайсковыя вучэнні НАТО «Анаконда-16», якія маюць адбыцца з 7 да 17 чэрвеня ў Польшчы. Гэта самыя маштабныя вучэнні ў найноўшай гісторыі Польшчы, у якіх будуць браць удзел каля 30 тыс. вайскоўцаў.

«Гэта фактычна спроба Беларусі паказаць, што яна цяпер – самы надзейны хаўруснік Крамля, – тлумачыць Івашын. – Маўляў, беларускае войска пры нагодзе выканае ўсе задачы, пастаўленыя расейскім кіраўніцтвам. Гэта ставіць пад сумнеў тэзу пра нейтралітэт Беларусі ды з’яўляецца крокам у бок рэаліяў Халоднай вайны».

Ivaszyn (6)

Рэдактар беларускага аддзелу міжнароднай валанцёрскай службы «Інформнапалм» Дзяніс Івашын. Фота belsat.eu

Каменданцкая гадзіна – навінка для Беларусі

Івашын таксама звяртае ўвагу на тое, што падчас вучэнняў упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі ў населеным пункце будзе ўведзеная каменданцкая гадзіна, а людзі будуць жыць ва ўмовах вайсковага часу. Фактычна гэта парушэнне правоў грамадзянаў, якое мае звярнуць на сябе ўвагу.

Са словаў Івашына, гэта толькі падрыхтоўка да больш маштабных беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў, якія будуць праходзіць сёлета ў жніўні. У іх возьме ўдзел расейская 15-я асобная мотастралковая брыгада, якая «засвяцілася» у баявых дзеяннях на Данбасе. Імаверным палігонам для гэтых вучэнняў можа стаць Маларыцкі раён, то бок фактычна памежная з Украінаю тэрыторыя.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары