У Берасці знайшлі цела міліцыянта з агнястрэльным раненнем


Упраўленне Следчага камітэту па Берасцейскай вобласці праводзіць правяранне па факце гвалтоўнай смерці міліцыянта, паведаміла карэспандэнту belta.by афіцыйная прадстаўніца УСК Марына Дранькова.

Цела праваахоўніка з агнявым раненнем знайшлі ў ягоным службовым кабінеце ў будынку Маскоўскага РАУСу у Берасці 22 ліпеня прыблізна а 7:50. Паводле tomin.by, цела належыць 37-гадоваму маёру, які займаў пасаду намесніка кіраўніка аддзелу крымінальнага вышуку. Следства не выключае, што гэта было самагубства.

Нагадаем, што напрыканцы сакавіка Гарадзеншчыну ды і ўсю Беларусь ускалыхнуў выпадак, калі малады міліцыянт застрэліўся на вачах у начальства. (Дарэчы, перадсмяротную запіску засакрэцілі). Нягледзячы на тое, што статыстыка суіцыдаў у сілавых ведамствах засакрэчаная, інфармацыя пра самазабойствы людзей у пагонах трапляюць у СМІ даволі часта. Самым трагічным для МУСу быў 2009 год: ажно 14 гучных справаў.

«На мой погляд, да самазабойства ўвогуле штурхаюць не прафесійныя нейкія праблемы, а асабістыя і сямейныя, якія ў нас на першым месцы стаяць сярод прычынаў самагубстваў», – гаворыць загаднік лабараторыі клінічна-эпідэміялагічных даследаванняў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псіхічнага здароўя Анатоль Гелда.

Паводле адмыслоўцы, у групу рызыкі ўваходзяць перадусім тыя, хто займаецца некваліфікаванаю фізічнаю працай і, адпаведна, атрымлівае малыя заробкі ды мае нізкі ўзровень жыцця. Далей ідуць кваліфікаваныя працаўнікі. На трэцім месцы – інваліды і пенсіянеры, то бок беспрацоўныя. На чацвёртым – школьнікі і студэнты. Замыкае спіс інтэлігенцыя.

Чытайце таксама >>> Нацыянальныя асаблівасці самагубстваў: як беларусы забіваюць сябе (статыстыка за апошнія 30 год)

ЮВ паводле tomin.by, belta.by

Глядзі таксама
Каментары