У Берасці выступяць рокеры-афганцы, якія гастралююць па ДНР і ЛНР. Улады не супраць


Гурт «СССР» паходзіць з Беларусі, але выступае пад расейскім сцягам і адкрыта падтрымлівае сепаратыстаў ДНР і ЛНР.

Гурт быў створаны ў Менску ў 2005 годзе актывісты арганізацыі «Расейскі саюз ветэранаў Афганістана». Удзельнікі калектыву ездзяць на машыне з берасцейскімі нумарамі, але большую частку часу праводзяць у Маскве. На сайце гурта напісана, што ў Беларусі калектыў уганараваны званнем «народнага».

«Многія і сёння вераць, што настане час, і мы зноў будзем разам: Беларусь, Расея, Украіна. Бо мы славяне! Ніякія межы не могуць стаць для гэтага непераадольнымі перашкодамі…у адной з нашых песень ёсць такія словы «Мы Русь ад Кіеўскай Русі…» У нашых народаў адзіныя карані, вялікая гісторыя! І сёння мы своеасаблівыя музычныя дэлегаты Беларусі ў краінах былога СССР», – заяўляюць музыкі.

Да канфлікту ў Украіне гурт спяваў пра вайну ў Афганістане, але з пачаткам акупацыі Крыму і вайны ва ўсходніх рэгіёнах Украіны адкрыта стаў на бок сепаратыстаў ДНР і ЛНР. Удзельнікі гурта мінімум тройчы заязджалі на акупаваную ўкраінскую тэрыторыю з боку Расеі і правозілі гуманітарную дапамогу баевікам непрызнаных рэспублік, а таксама выступалі перад імі. Музыкі заяўлялі падчас гэтых канцэртаў: «кіеўская хунта» будзе знішчаная, а маладая Данецкая Народная Рэспубліка будзе квітнець».

І вось, нягледзячы на такую сумнеўную рэпутацыю, з дазволу ўладаў «СССР» дае канцэрты па ўсёй Беларусі. Бліжэйшы з іх пройдзе 29 чэрвеня ў берасцейскім грамадска-культурным цэнтры, а арганізатарам выступу стане галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Берасцейскага аблвыканкаму. У пачатку траўня група «СССР» выступала ў Кобрыне, тут музыкі сабралі аншлаг, хоць у вольным продажы квіткоў практычна не было. Яны распаўсюджваліся па арганізацыях і прадпрыемствах. Тая ж схема працуе і ў Берасці, афіша ёсць толькі каля грамадска-культурнага цэнтру, але арганізатары прадаюць квіткі і фізічным асобам па 100-120 тысячаў рублёў.

CA, belsat.eu

Стужка навінаў