У Берасці суд не разгледзеў скаргі актывістаў. Прычына – дакумент мусілі падпісаць 10 асобаў, а не 9


Адмову ў адкрыцці справы паводле скаргі ў Берасцейскім абласным судзе атрымалі ініцыятары ўключэння ў абласную выбарчую камісію актывіста руху «За свабоду» Сяргея Вакуленкі. Суд вырашыў, што скаргу мусілі падпісаць усе 10 ініцыятараў, а не 9.

ДЗЯНІС ТУРЧАНЯК, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:

«Мы лічым, што нам фактычна адмовілі ў доступе да правасуддзя. Можна ўявіць такую сітуацыю, што за Вакуленку не 10 чалавек сабралі подпісы, а некалькі тысяч. За тыя тры дні, які даюцца на абскарджанне, немагчыма ад некалькіх тысяч грамадзянаў сабраць подпісы».

У артыкуле Выбарчага кодэксу, на які ў сваім азначэнні спаслаўся суд, няма патрабавання подпісу пад скаргай усіх ініцыятараў вылучэння.

СЯРГЕЙ ВАКУЛЕНКА, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:

«Паколькі Берасцейскі абласны суд трактуе няслушна, не так, як напісана ў Выбарчым кодэксе, я буду вымушаны са сваймі заяўнікамі падаць скаргу ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь».

У склад Берасцейскай абласной камісіі не ўвайшоў ніводзін прадстаўнік апазіцыі. У аблвыканкаме сцвердзілі, што пры абмеркаванні кандыдатаў за аснову бралі іх досвед працы ў выбарчых камісіях, працоўныя якасці, а таксама маштабнасць арганізацыі, якую яны прадстаўляюць.

Вольга Кляўчэня, «Белсат»

Стужка навінаў