У Берасці напалі на журналістаў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву. Belsat.eu знайшоў правакатара ў сеціве


Падчас здымкаў відэасюжэту да журналістаў падбег мужчына ў цывільным, спрабаваў забраць камеру ды паваліў Алеся Ляўчука на зямлю. У справу ўмяшалася міліцыя, але ў пастарунак забралі… журналістаў.

Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава здымалі сюжэт пра шкоду палення. Што за чалавек у цывільным напаў на журналіста, невядома.

Канфлікт адбыўся пасля таго, як да журналістаў падбегла дзіця і пачало перашкаджаць здымаць. Мілана зрабіла заўвагу, пасля чаго ўмяшаўся невядомы мужчына, імаверна, бацька хлопца. Ён пачаў штурхаць журналістаў і абражаць.

Журналістаў завезлі ў пастарунак ды ўзялі тлумачэнні. Паводле Алеся Ляўчука, міліцыняты паводзілі сябе карэктна.

Раней Алеся Ляўчука пераследавалі за супрацу з «Белсатам». Упершыню суд адбыўся яшчэ ў снежні 2014 г. – на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі»). Тады працэс адбыўся са шматлікімі парушэннямі. Суддзя Ларыса Назарэнка аштрафавала журналіста на Br 6 млн.

У сакавіку 2015 суддзя Раман Карабан аштрафаваў Алеся Ляўчука за супрацу з «Белсатам» амаль на Br 4 млн.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары