У Берасці міліцыя хоча прыцягнуць да адказнасці яшчэ аднаго незалежнага журналіста


Да незалежнага журналіста Алеся Ляўчука 18 снежня патэлефанаваў працаўнік міліцыі, які прадставіўся ўчастковым Ленінскага РАУС Берасця Андрэем Кажэнкам.

Міліцыянт запрасіў журналіста ў пастарунак, каб правесці там апытанне датычна інтэрвю, якое спадар Ляўчук праводзіў 24 лістапада ў цэнтры гораду.

«Участковы таксама распавёў, што супраць мяне адкрыты адміністрацыйны працэс, але пратакол нібыта гуляў па розных РАУС ужо тыдзень, і толькі цяпер дабраўся да ўчастковага», – паведаміў Belsat.eu журналіст. Спадар Ляўчук адзначыў, што можа з’явіцца ў міліцыю, калі яго выклічуць павесткай. «Я гэта не сам прыдумаў», – сказаў міліцыянт праз тэлефон ды паабяцаў прывезці яе асабіста на кватэру незалежнага журналіста.

Паводле словаў Алеся Ляўчука, 24 лістапада ён рабіў апытанне жыхароў Берасця, цікавіўся меркаваннем людзей і проста збіраў інфармацыю, таму не бачыць прычынаў, якія б маглі з’явіцца нагодай для пачатку нейкага адміністрацыйнага працэсу, падае старонка Беларускай асацыяцыі журналістаў. Незалежны журналіст адзначыў Belsat.eu, што 24 лістапада яго сфатаграфавалі падчас працы два мужчыны, якія маглі быць міліцыянтамі ці працаўнікамі КДБ.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў