Ля берагоў Турцыі патануў карабель з афганскімі дзецьмі


Чарговая буйная марская трагедыя, якая гэтым разам разыгралася ў акваторыі Стамбулу. У спробе даплыць да румынскай Канстанцы, на ўваходзе ў Босфар, патанула судна з мігрантамі, паведамляе «Hurriyet Daily».

Дакладная колькасць пасажыраў невядомая. Пакуль ратаўнікам удалося выявіць целы 24 пацярпелых. Большасць з іх – афганскія дзеці. 7 асобаў выратаваныя. Турэцкая берагавая ахова разам з вадалазамі і мясцовымі рыбакамі працягваюць пошукі. Пра прычыны крушэння не паведамляецца.

Усё больш нелегальных мігрантаў з Сірыі і Афганістану, ратуючыся ад вайны, спрабуюць трапіць у Еўропу праз Турцыю, карыстаючыся старымі самаробнымі лодкамі. З-за гэтага за апошнія месяцы ў Эгейскім і Міжземным моры перакуліліся дзясяткі караблёў.

У верасні турэцкая берагавая ахова выратавала яшчэ адну групу з 82 уцекачоў. У жніўні ля ўзбярэжжа Лівіі затанула судна з мігрантамі: 170 чалавек лічацца загінулымі ці прапалымі без звестак. Пры гэтым дзясяткі тысяч людзей спрабуюць перасекчы грэчаскія і балгарскія межы па сушы.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў