«Беларуская чыгунка» распавяла пра кошт нафтагазавай спрэчкі Менску з Масквой


Першы намеснік начальніка службы грузавой працы і вонкаваэканамічнай дзейнасці «Беларускай чыгункі» Аляксандр Яўсюк распавёў пра кошты нафтагазавай спрэчкі Масквы ды Менску.

Адпаведную заяву ён зрабіў на канферэнцыі па нафтаапрацоўцы ў Менску, зладжанай кампаніяй «Confidence Capital».

«З-за неспрыяльнай нафтавай канʼюнктуры і скарачэння паставак расейскай нафты ў Беларусі апошнім часам назіраўся спад перавозак нафтапаліўных грузаў. Летась перавезлі 25,2 млн тонаў нафтавых грузаў, з іх больш за 60 % – 18 млн тонаў – гэта ўласная пагрузка. У параўнанні з пазамінулым годам абʼём перавозак нафтапрадуктаў зменшыўся на 23 %», – сказаў Яўсюк.

У размове з журналістамі ён адзначыў, што ў грашовым выражэнні страты склалі «вялізную суму».

Сюжэт «Прасвету» пра дамоўленасці паміж Лукашэнка ды Пуціным

У першыя месяцы 2017 года, паводле прадстаўніка «Беларускай чыгункі», тэндэнцыя падзення абʼёмаў перавозак працягнулася.

Аднак разам з тым Аляксандр Яўсюк выразіў аптымізм у святле дамоўленасцяў кіраўнікоў Беларусі ды Расеі, што былі дасягнутыя тыдзень таму.

«Калі дамоўленасці 3 красавіка будуць рэалізаваныя, то ў нас будзе ўсё добра. Будзе цалкам задзейнічаны парк цыстэрнаў. Усё адновіцца. Хаця і без гэтага мы спрабавалі працаваць нармальна», – адзначыў Яўсюк.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў