У «Белавіі» не атрымалася стаць лоўкостам


«КДБ» вызваляе захоплены самалёт «Белавіі» падчас вучэнняў са спецслужбамі СНД.

Беларускія авіялініі вырашылі правесці святочны распродаж 140 000 квіткоў па ўсіх напрамках. Але забылі падрыхтаваць сайт.

У сувязі з 20-годдзем, нацыянальная авіякампанія зладзіла прома-акцыю: учора білеты на ўсе трасы з Менску (і назад) на палёты ад 5 сакавіка да 30 студзеня 2017 года можна было набыць за 20 еўраў (дадаткова трэба было аплаціць зборы, якія дасягалі часам 300 % ад кошту квітка).

Беларусы віталі акцыю роднай кампаніі («Нарэшце пабачым Азербайджан!»), пайшлі на сайт – ды паклалі яго. Сервер не вытрымаў плыні ўсіх ахвотных. Некаторыя нават паспявалі заплаціць за білеты, але яны ім так і не даходзілі. У большасці ж старонка проста не адчынялася.

Пасля гэтага літасці не было. Ад «чэргаў па авіябілет як у паліклініцы» да «дык не заставайцеся ж вы нікому – з «Белавіі» жартавалі нават тыя, хто не збіраўся нікуды ляцець.

У карпаратыўным «Фэйсбуку» кампаніі паведамілі, што са 140 тыс. святочных білетаў паспелі прадаць 10 тыс. ды абвесцілі пра працяг акцыі 6-га сакавіка.

Антыжурналіст Віктар Малішэўскі пракаментаваў гэта так:

Белавиа продлевает акцию - сайт авиакомпании не будет работать ещё и 6 марта

Posted by Viktar Malishevsky on Friday, March 4, 2016

Да юбілейнага году «Белавія» падыйшла сурʼёзна. Так, на чэрвень анансавалі прэзентацыю новага твару, над якім цяпер працуюць дзве амерыканскія брэндынгавыя фірмы супольна з «Боінгам».

У працоўную групу па рэбрэндынгу ўваходзіць дызайнер Ілля Андрэеў, які ў лістападзе 2014-га прапанаваў «Белавіі» сваю версію новага стылю.

Для шараговага пасажыра тэхнічны збой падчас распродажу можа азначаць, што ніякай альтэрнатывы «Белавіі» у беларусім небе бліжэйшым часам не з’явіцца: учора праблема с серверам стала стрэлам у калена ўсім белавіяўскім маркетолагам.

«Белавія» традыцыйна не пускае ў Беларусь бюджэтных еўрапейскіх авіяперавознікаў, але чакае прыходу лоўкоста з Арабскіх Эміратаў.

На момант публікацыі матэрыялу нам удалося зайсці на сайт «Белавіі», выбраць білет і дату, але пасля націску на гузік «купіць», старонка аказалася недаступнай.

ДД

Глядзі таксама
Каментары