У Беластоку асудзілі трох чачэнцаў за збор грошай на тэрарыстычную дзейнасць


Акруговы суд Беластоку прысудзіў трох чачэнцаў да 2 гадоў і 1 месяца пазбаўлення волі, прызнаўшы іх вінаватымі ў падтрыманні тэрарыстаў на Каўказе. У справе быў яшчэ адзін фігурант, але яго апраўдалі.

Пракуратура абвінавачвала чачэнцаў у дзейнасці ў складзе арганізаванай злачыннай групоўкі, у тым ліку збор грошай для «Ісламскай дзяржавы». Былі сабраныя доказы таго, што мужчыны займаліся набыццём ваеннага абсталявання, заплечнікаў з камуфляжам, аптычных прыцэлаў і гарнітуры.

У выніку суд прызнаў, што падсудныя фінансавалі забаронены «Імарат Каўказ», які прысягнуў «Ісламскай дзяржаве» і дзейнічае на тэрыторыі Расеі.

Паводле PAP, фігурантаў справы завуць Таус Г., Заур Г., Альві Й. і Шамхан А.

TVN24 адзначае, абарона і падсудныя настойвалі, што яны збіралі грошы не для «Ісламскай дзяржавы», а для «змагароў за незалежнасьць Чачэніі», якія змагаюцца за незалежнасць Ічкерыі (самаабвешчаная рэспубліка на тэрыторыі сучаснай Чачэніі).

«Імарат Каўказ» абвясціў 7 кастрычніка 2007 года прэзідэнт Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя ў выгнанні Доку Умараў.

Абвешчаны прысуд не канчатковы і можа быць абскарджаны ў судзе вышэйшай інстанцыі.

У Польшчы чачэнцы знаходзіліся легальна. Толькі за апошнія некалькі гадоў сотні тысяч чачэнцаў пакінулі Расею ў пошуках статусаў уцекачоў у Еўразвязе – праз Беларусь прарываюцца дзясяткі тысячаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў