У беларуска-кітайскі індустрыяльны парк пракладуць чыгунку. Ездзіць па ёй змогуць не ўсе


Макет беларуска-китайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum

Пра кошты будаўніцтва і крыніцы фінансавання стане вядома праз два тыдні.

Андрэй Кабякоў падпісаў распараджэнне аб стварэнні рабочай групы па будаўніцтве чыгуначнага шляху ў індустрыяльны парк «Вялікі камень». Чыгунка будзе знаходзіцца ў несупольным карыстанні.

Паводле закону аб чыгуначным транспарце, будаўніцтва чыгункі несупольнага карыстання зацікаўленыя бакі ўзгадняюць з кіраўніцтвам Беларускай чыгункі і ажыццяўляюць за ўласны кошт.

Прапановы аб будаўніцтве чыгуначнага шляху, тэрмінах і коштах працоўная група пад кіраўніцтвам міністра транспарту Анатоля Сівака павінная прадставіць кіраўніку ўрада да 1 ліпеня.

БелТА падае, што працоўная група зможа пры неабходнасці прыцягваць да працы кіраўнікоў і адмыслоўцаў з рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, Менаблвыканкаму і Менгарвыканкаму, а таксама іншых арганізацыяў.

Індустрыяльны парк «Вялікі камень» – асаблівая эканамічная зона, якая паўстала на падставе дамовы беларускіх уладаў з Кітайскай народнай рэспублікай. Знаходзіцца ў Смалявічскім раёне побач з аэрапортам «Менск».

ДД

Стужка навінаў