У Беларусі затрымалі двух хакераў з групоўкі, якая скрала мільярд еўраў


У Беларусі прыцягнулі да крымінальнай адказнасці двух удзельнікаў злачыннай схемы, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова.

Яны ўваходзілі ў міжнародную злачынную групоўку «Cobalt», якая скрала з банкаў розных краінаў больш за мільярд еўраў. Учора стала вядома пра затрыманне кіраўніка злачыннай групоўкі.

З дапамогай вірусаў хакеры пранікалі ў камп’ютарныя сеткі банкаў. Грошы пераводзілі на рахункі саўдзельнікаў у розных краінах або вымалі з банкаматаў, кіруючы імі дыстанцыйна. За свае паслугі саўдзельнікі атрымлівалі палову скрадзенай сумы, астатняе перасылалі лідару групы, які захоўваў скрадзенае ў крыптавалюце.

Хакеры змаглі ўзламаць сістэму бяспекі аднаго з беларускіх банкаў – «Альфа-Банку». Яны кралі грошы з 27 банкаматаў, размешчаных у Менску, Магілёве ды Віцебску.

Аднаго з затрыманых прысудзілі да 11,5 гадоў пазбаўлення волі (прысуд пастаноўлены, але пакуль не ўступіў у сілу), а крымінальную справу ў дачыненні да другога Следчы камітэт перадаў пракурору для накіравання ў суд.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў