У Беларусі затрымалі «добрага знаёмага» Лукашэнкі – Мікалая Патрончыка


Учора, 27 снежня, сілавікі затрымалі аднаго з самых уплывовых будаўнікоў Беларусі, дырэктара круглянскай ПМК № 266 Мікалая Патрончыка.

Крыніцы TUT.BY паведамляюць, што ў дачыненні да Патрончык распачатая крымінальная справа. Яго падазраюць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры.

«Усё вырашалася на ўзроўні самага галоўнага чалавека ў краіне (Аляксандра Лукашэнкі. – заўв)», – адзначыла крыніца.

У праваахоўных органах інфармацыю аб затрыманні Патрончык пакуль не каментуюць.

Мікалай Патрончык кіруе самым паспяховым прадпрыемствам у горадзе Круглае Магілёўскай вобласці. Гэта дзяржаўная арганізацыя «Круглянская перасоўная механізаваная калона № 266» (ПМК), дзе працуе больш за тысячу чалавек. ПМК пабудавала розныя аб’екты ў Беларусі: ад жылля да вытворчых памяшканняў. Прадпрыемства цалкам адбудавала малую радзіму Аляксандра Лукашэнкі – вёску Александрыя і Лядовы палац у Шклове. У тым ліку ПМК зрабіла рэзідэнцыю прэзідэнта «Александрыя-2».

Раней у інтэрвʼю Naviny.by Патрончык называў Лукашэнку «добрым знаёмым». У 2012 годзе прэзідэнт прапаноўваў Патрончык пасаду міністра архітэктуры і будаўніцтва, але той адмовіўся. А ў 2015-м па ўказе Лукашэнка Патрончык узнагародзілі ордэнам Айчыны III ступені.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў