У Беларусі на футра гадуецца амаль 150 000 жывёлы


У інтэрнэце збіраюць подпісы пад зваротам да ўладаў з просьбай праверыць умовы гадоўлі футравай жывёлы у краіне.

На платформе zvarot.by з’явілася петыцыя, аўтары якой просяць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання праверыць умовы гадоўлі футравай жывёлы на дзевяці прадпрыемствах.

Паводле Белстату, сёння на беларускіх фермах, якія гадуюць звяроў на футра ў клетках, знаходзіцца 1787 лісіц, 252 пясцы, 140 585 норак і больш за 340 «іншых звяроў». У параўнанні з папярэднімі гадамі назіраецца заўважнае зніжэнне іхнай колькасці. Гэтак, у 2007-м у Беларусі ў клетках сядзела 232 636 норак і 1137 пясцоў. А вось колькасць лісіц – расце (1095 дзесяць гадоў таму).

Умовы ўтрымання пушной жывёлы ў клетках Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання акрэсліла ў 2012-м годзе пастановаю № 37.

Паводле, аўтараў петыцыі, гэтыя нормы на беларускіх фермах не выконваюцца.

Аўтары звяртаюць увагу, што згодна з пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў ад 31.01.2008, стандарты ўмоваў утрымання для ліс і норак у вальерах і клетках вышэйшыя за нормы Мінсельгасхарчу.

«Бачна, што стандарты Мінпрыроды і Мінсельгасхарч для адных і тых жа відаў жывёлы супярэчаць адзін аднаму», – гаворыцца ў звароце.

Подпісы будуць збірацца яшчэ цягам двух тыдняў, зварот скіруюць у дзяржаўныя органы 25 лістапада.

На сёння петыцыю падпісалі больш за 100 чалавек.

Аўтары заклікаюць не падтрымліваць футравую індустрыю і не набываць вырабы з футра.

ДД; фота – Open Cages

Стужка навінаў