У Беларусі ўсталявалі першую экспрэс-зарадку для электрамабіляў


Экалагічна, без характэрнага шуму і выхлапных газаў – такія перавагі найчасцей пералічваюць прыхільнікі электрамабіляў. У беларусаў з’явіўся новы важкі аргумент, каб перасесці са стандартнага аўта на электрычнае. У Бараўлянах, побач з гіпермаркетам «Гіпа» ўсталявалі першую экспрэс-аўтазарадку для гэткага віду транспарту.

 

«Зараджаць аўтамабіль можна некалькімі спосабамі, – адзначыў дырэктар фірмы «Аўтаплас-М» Сяргей Федарэнка. – Можна ад разеткі моцаю 220 Вт, дастаткова набыць спецыяльную зарадную прыладу. Але калі вы будзеце рабіць гэта ўдома ці ў гаражы, гэта зойме 15 гадзінаў. Перавага такіх заправачных станцыяў – што зарадка адбываецца цягам 30 хвілінаў».

У выніку зарадзіць аўтамабіль атрымаецца ў 12 разоў хутчэй, чымся на станцыях, што ўжо дзеялі ў Менску раней. Да таго ж, запраўка будзе бясплатнаю першыя два тыдні. Такім чынам дзяржава заахвочвае перасесці на электрааўты: пакуль у Беларусі іх – адзінкі, хоць адпаведна з правіламі Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі ўвозіць электрамабілі з-за мяжы можна без мыта.

Паводле прадстаўнікоў «Беларусьнафты», наступныя пункты хуткага ладавання электрааўтаў з’явяцца ў Гомлі.

Марына Вашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў