У Беларусі стала менш дзіцячых садкоў, школаў і тэхнікумаў. Колькасць студэнтаў-платнікаў скарацілася на 110 тыс


За апошнія 6 гадоў гадоў колькасць ясляў, дзіцячых садкоў, школаў і ВНУ ў Беларусі няўхільна скарачалася.

Пра гэта сведчаць дадзеныя, апублікаваныя ў бюлетэні «Адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь 2016-2017», які падрыхтаваў «Белстат».

Паводле дакументу, з 2010 па 2016 год знікла 220 абʼектаў дашкольнай адукацыі, 499 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 33 установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі і 4 установы вышэйшай адукацыі.

Павелічэнне зафіксавана толькі сярод установаў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. З 214 абʼектаў у 2010 годзе іх колькасць вырасла да 230 у 2016 годзе.

Скарачэнне ўстановаў адукацыі адбываецца ў асноўным у сельскай мясцовасці. У гарадах і гарадскіх пасёлках, наадварот, назіраецца рост.

Разам з тым, колькасць вучняў у беларускіх школах за шэсць гадоў вырасла на 44 тыс чалавек. У 2011 годзе ў школы, гімназіі і ліцэі хадзіла 938 тыс школьнікаў, у 2016 – 982 тыс.

За 6 гадоў колькасць настаўнікаў у школах скарацілася на 11,5 тыс. У 2010 годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі працавала 111,7 тыс настаўнікаў, уключаючы кіраўнікоў, у 2016 годзе іх стала 100,2 тыс.

У 2016 годзе ў Беларусі дзейнічала 3155 установаў агульнай сярэдняй адукацыі. У 1994 годзе колькасць школаў у Беларусі складала каля 5000.

Студэнтаў стала менш

У 2010 годзе ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі вучылася 106 тыс чалавек. У 2016 годзе гэты паказнік крыху перавысіў 70 тыс.

Тэндэцыя скарачэння навучэнцаў назіраецца і ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі са 167 да 117 тыс.

За апошнія 6 гадоў амаль на 130 тыс чалавек зменшылася колькасць беларускіх студэнтаў з 442,9 тыс да 313,3. Пры гэтым на 110 тыс скарацілася колькасць студэнтаў, якія навучаюцца на платнай аснове.

ЮВ, belsat.eu, паводле thinktanks.by

Глядзі таксама
Каментары