У Беларусі расце колькасць чыноўнікаў і іх заробкі


Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак у беларускай сістэме дзяржкіравання амаль на 22% вышэй, чым па краіне. У мінулым годзе чыноўнікі атрымлівалі ў сярэднім 881,3 рубля ў месяц. Заробкі чыноўнікаў растуць як мінімум з 2010 года.

У дзяржкіраванні ў Беларусі летась працавалі 188,8 тысячы чалавек. Гэта 4,3% ад агульнай колькасці занятага ў эканоміцы насельніцтва. У параўнанні з 2015-ым іх колькасць паболела на 4,6 тысячы чалавек, а заробкі амаль на 160 рублёў большыя, чым у сярэднім па краіне. Пра гэта піша tut.by са спасылкай на дадзеныя Белстату.

Для параўнання: у 2010 годзе ў дзяржкіраванні працавалі 202,5 ​​тысячы чалавек. Цягам чатырох гадоў запар іх лічба скарачалася – у агульнай складанасці на 18,3 тысячы чалавек. Але ў мінулым годзе колькасць чыноўнікаў вырасла.

У траўні сёлета Лукашэнка заявіў, што трэба аптымізаваць дзяржапарат, а да гэтага «ні на ёту не павышаць заробкі». У лютым у Адміністрацыі прэзідэнта мелі скараціць 30% дзяржслужачых.

Пра рэформу дзяржапарата Лукашэнка гаворыць не першы год. Яшчэ ў 2013-ым годзе ён абвесціў пра рэформу дзяржаўнага апарату: колькасць чыноўнікаў мелася скараціцца, а разам з гэтым – скараціцца выдаткі на іх утрыманне. Але ў выніку эканамічнага эфекту змены не мелі. Ад «рэформаў» выйгралі чыноўнікі найвышэйшага рангу – іхныя заробкі ў выніку «аптымізацыі» павысіліся.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў